Павел Левінаў: Віцебскія ўлады запэўнілі, што магу свабодна фатаграфавацца



Павел Левінаў змагаецца за права свабодна фатаграфавацца на вуліцах свайго горада. Апошнім крокам віцебскага праваабаронца стала скарга ў пракуратуру наконт штрафаў за фотасесію на фоне фоне графіці „з птушкамі і клеткамі”. Гарвыканкам даслаў яму пісьмовы адказ, што фотасесія не лічыцца масавым мерапрыемствам.

– Я звярнуўся ў пракуратуру па двух аспектах. Першы аспект, гэта заява нашага прэзідэнта на прэс-канферэнцыі, калі ён сказаў, што толькі ідыёты могуць паступаць так, як, у прынцыпе, паступілі і з намі. Гэта адзін аспект. І другі аспект, я падаў заяву на правядзенне фотасесіі на гэтым жа месцы, і гарадскія ўлады сказалі, што ніякіх заявак не трэба, калі ласка, фатаграфуйце колькі пажадаеце і чым пажадаеце. Паглядзім, што цяпер скажа пракуратура Віцебскай вобласці.

У скарзе на імя пракурора Віцебскай вобласці Павел Левінаў піша, што Рэспубліка Беларусь на дзяржаўным роўні абавязана гарантаваць кожнаму грамадзяніну захаванасць ягоных правоў. Таму ён лічыць, што суд Чыгуначнага раёна, аштрафаваўшы яго на 25 базавых велічынь за ўдзел у фотасесіі, як за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, парушыў ягонае канстытуцыйнае права на мірныя сходы, а таксама на выказванне свайго меркавання.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя