Павел Максімаў: Парад у пік эпідэміі – гэта будзе парад мёртвых
Віцебскі матэматык і эканаміст Павел Максімаў працягвае аналізаваць сітуацыю з распаўсюдам каронавірусу ў Беларусі. Ён мае досвед апрацоўкі дадзеных на прыкладзе Кітая: ягоныя прагнозы супалі з рэальнай сітуацыяй на 90-95%.
На думку даследчыка, рэзкі рост колькасці пацверджаных выпадкаў каронавірусу ў беларусаў можа быць абумоўлена рознымі прычынамі – напрыклад, павелічэннем колькасці зробленых тэстаў або прысутнасцю ў Беларусі дэлегацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, якая запатрабавала больш грунтоўнага інфармавання насельніцтва. Міністэрства аховы здароўя прагназуе пік захворванняў у пачатку траўня, але не называе меркаваную колькасць хворых, падкрэслівае Павел Максімаў:
– Канец красавіка – пачатак траўня можа стацца тым часам, калі мы ўбачым пік. Праўда, было б цікава паслухаць прагноз у лічбах. І атрымліваецца, што прэзідэнт хоча правесці парад у самы пік эпідэміі? Выбачайце, я скажу рэзка, але калі ўсё скончыцца, гэты парад можна будзе назваць”парадам мёртвых”!
Даследчык кажа, што зараз падлікі лёгка правесці і без камп’ютарных праграм, – калі штодня колькасць выпадкаў хваробы расце на 400-500 пацверджаных фактаў. Вядома, так не будзе да бясконцасці: некалі працэс пачне замаруджвацца, але пасля абяцанага міністэрствам піку захворванне не адступіць адразу. Таму цяпер вельмі важна не дапусціць рэзкага скачку, калі вялікая колькасць заражаных справакуе калапс медычнай сістэмы.
Павел Максімаў заклікае беларусаў да свядомага абмежавання кантактаў, адмовы ад наведванняў шматлюдных месцаў, а ў ідэале – да самаізаляцыі.
Цалкам гутарку з Паўлам Максімавым слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск