Павел Мажэйка: У іх не атрымліваецца задушыць свабоду слова
Чарговы госць Рацыі – журналіст Павел Мажэйка.
Ён калісьці ў Беларусі сядзеў за кратамі за сваю прафесійную дзейнасць, дарэчы, сумесна з Міколам Маркевічам, тагачасным гарадзенскім журналістам. З ім размаўляе Міхась Андрасюк.
РР: Вам у той час было 23 гады – малады чалавек. І вось на парозе прафесійнага жыцця такая гісторыя – два гады хіміі. Нагадайце, у чым была справа тады.
– Гэта быў 2001 год. Калі памятаеце, тады былі чарговыя, хіба што першыя выбары, якія ўжо ні кім не былі прызнаныя. І першыя фальшаваныя выбары. Тады ў Гародні, сёння гэта выглядае дзіўным, але выходзіла незалежная прэса – газета “Пагоня” і рыхтаваўся якраз перадвыбарчы нумар. І калі ўзгадаеце, якраз у гэтыя гады адбылося некалькі палітычных знікненняў, ці забойстваў, апанентаў Аляксандра Лукашэнкі. І пра гэта якраз пісалі тады ўсе газеты, усе незалежныя медыя. У грамадстве шырока гэта ўсё абмяркоўвалася. І мы тады напісалі такі тэкст: “Ці можа кіраваць дзяржавай чалавек, які змагаецца са сваімі палітычнымі апанентамі, знішчаючы іх?” І гэта выклікала рэакцыю сілавых структур, пракуратуры. Натуральна, што рашэнні прымаліся на самым версе. Пачалася крымінальная справа, у выніку якой і газета “Пагоня” была зачыненая, і ў выніку справа дайшла да суда. Ніхто, канешне, не верыў у тое, што.., усім здавалася, што незалежная дзяржава, што ёсць закон, які абсалютна выконваецца ўсімі, але аказваецца, што не. А дзяржаве і пэўным структурам было дазволена больш. У выніку яны нас з Міколам Маркевічам – рэдактарам “Пагоні” – асудзілі на тэрміны не пазбаўлення волі, а абмежавання волі. Але фактычна гэта адно і тое ж. Вось гэта быў хіба адзін з першых крымінальных прысудаў у дачыненні да журналістаў у Беларусі.
РР: Прайшло дваццаць год, і, можна сказаць, што нічога не змянілася. Стала толькі больш жорстка. Сочыш за тым, што адбываецца ў Беларусі апошнімі днямі – дзве журналісткі атрымалі па два гады. Ці можаце вы параўнаць суд у 2001 і суд у 2021?
– Па-першае, я б хацеў сказаць дзяўчатам, можа, яны гэта нейкім чынам пачуюць: “Неверагодна ганаруся, і тут вось з Гародні натуральна з максімальнай цеплынёй і пашанай, і любоўю да іх дасылаю свае прамяні падтрымкі”. Я асабіста не сумняваўся, што яны годна сябе будуць паводзіць падчас гэтага суда, і што яны вельмі хутка выйдуць на волю.
Калі параўноўваць, з аднаго боку – разумееш, што прайшло 20 гадоў і ўвесь час застаецца адзін і той жа дыктатар у краіне – Аляксандр Лукашэнка. Ён ніяк не можа пачуць і зразумець, што грамадства яго не хоча, чым далей, тым яго ўсё больш ненавідзяць. Сваім знаходжаннем ва ўладзе ён проста руйнуе краіну, руйнуе яе будучыню. Гэта з аднаго боку. Але з другога боку – я разумею, што больш за 20 год Лукашэнка і яго падначаленыя спрабуюць задушыць свабоду слова ў Беларусі. І столькі год у іх гэта ніякім чынам не атрымліваецца.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя