Павел Міцкевіч пра Цэнтр дапамогі іншаземцам у Беластоку
Цэнтр дапамогі іншаземцам у Беластоку сканцэнтраваў сілы на дапамозе беларусам. Больш за 10 гадоў цэнтр дапамагае легалізавацца ў Польшчы эмігрантам з постсавецкай прасторы.
Ад 1 кастрычніка ён распачаў кароткатэрміновую праграму, разлічаную толькі на беларусаў. Перавага надаецца тым, хто стаў ахвярамі рэпрэсій. Але і ў гэтым выпадку не варта бегчы праз мяжу, не атрымаўшы кансультацыі, перакананы дырэктар цэнтра Павел Міцкевіч:
– Некаторыя людзі атрымаўшы ад нас інфармацыю, прынялі рашэнне пакуль устрымацца ад пераезду, што яны яшчэ не гатовыя. Трэба разумець, што калі яны пераедуць, у залежнасці ад формы пераезду праз мяжу, яны ў бліжэйшы час не змогуць вярнуцца ў Беларусь. Мы стараемся ім паказаць поўную перспектыву, некаторыя крокі, якія яны яшчэ не бачылі.
Беларусы, якія разглядаюць магчымасць пераезду, могуць разлічваць не толькі на бясплатныя тэлефонныя кансультацыі Цэнтра 7 дзён на тыдзень, але і на бясплатныя курсы польскай мовы. Кажа Павел Міцкевіч:
– На дадзены момант ужо стартавала чатыры групы польскай мовы розных узроўняў. Гэтыя курсы вядуцца дыстанцыйна і грамадзяне Беларусі, якія яшчэ не пераехалі ў Беласток, але маюць дакументы, яны таксама ў іх ужо бяруць удзел. Каб функцыянаваць у краіне, патрэбны мінімальны моўны ўзровень прынамсі для таго, каб запоўніць дакументы на легалізацыю.
Кароткатэрміновая праграма дапамогі беларусам павінна была завяршыцца 30 лістапада, але ў сувязі з сітуацыяй ў Беларусі будзе працягвацца і на пачатку зімы.
Цалкам размову з Паўлам Міцкевічам слухайце ў перадачы „Госць Рацыі”.
Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя