Павел Сапелка: Людзі не бачаць больш у дзяржаве апоры і падтрымкі



Двое памерлых — супрацоўнік IT-кампаніі Андрэй Зельцэр і супрацоўнік КДБ — так скончылася ўварванне сілавікоў у жылую кватэру.

А сваім стаўленнем да таго, што адбылося, падзяліўся юрыст праваабарончага цэнтра “Вясна” Павел Сапелка ў размове з нашай карэспандэнткай Евай Бардзілоўскай:

РР: Па-першае, дзяржсмі растыражырвалі сітуацыю тым, што сілавікі прыйшлі да тэрарыста. І гэтага памерлага Андрэя Зельцэра называюць тэрарыстам. Вось гэтую назву “тэрарыст” улады зараз выкарыстоўваюць як назву ўсіх пратэставых людзей.

Павел Сапелка: Так, шматлікіх, і мяне ў тым ліку, уразіла рыторыка ўладаў і тых, хто паўтараў гэтую навіну пра тое, што быў забіты супрацоўнік КДБ, а  той, хто страляў, ліквідаваны. Пасля пайшла інфармацыя пра тое, што ўсё гэта адбывалася ў межах праверкі інфармацыі аб датычнасці да тэрарыстычнай дзейнасці. Пасля практычна прама пачалі называць гэтага чалавека тэрарыстам. Безумоўна, гэта парушэнне прэзумпцыі невінаватасці. І калі ўжо не з пункту гледжання якой-небудзь элементарнай прыстойнасці, то хаця б сыходзячы з юрыдычных падстаў трэба было б змяніць рыторыку.

РР: Цяпер, канешне, шырока абмяркоўваецца гэтая сітуацыя пра забойства Андрэя Зельцэра і забойства „кадэбэшніка”. Ёсць меркаванне, што гэта вынік таго, што зараз раскол паміж уладай і людзьмі, і людзі павінны проста абараняць самі сябе ад сілавікоў. І вось таму гэты чалавек узяў ружжо, і вось такая сітуацыя – два забойствы. Вы згодныя з такім меркаваннем?

Павел Сапелка: Мы ўвогуле ў “Вясне” бачым вельмі шмат разнастайных крымінальных спраў. І мы бачым, што ў цэлым паводзіны людзей вельмі часта дыктуюцца вось гэтай абстаноўкай, якая ўвогуле цяпер пануе ў грамадстве, у дзяржаве. Людзі часта робяць такія ўчынкі, якія б яны там два гады таму не зрабілі б. Я далёкі ад таго, каб кагосьці асуджаць за тыя ці іншыя ўчынкі. Я вельмі выразна разумею, што ў гэтых учынкаў ёсць прычына. Прычыны ў асноўным у тым, што людзі не могуць іншым спосабам рэалізаваць свае правы. Людзі не спадзяюцца на дзяржаву як на інстытут, які павінен гэтыя правы абараняць. Людзі не бачаць больш у дзяржаве апоры і падтрымкі.  

Вядома, што па падазрэнні ў саўдзеле ў забойстве сілавіка затрымана жонка Андрэя Зельцэра. А як адзначае юрыст “Вясны” Павел Сапелка, у гэтага інцыдэнта ёсць двое сведак з двух бакоў: сілавікі, што ўварваліся ў кватэру, і жонка Зельцэра, якая там знаходзілася. І відавочна, што ў іх будуць розныя праўды.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя