Павел Сапелка: Пакаранне павінна быць прапарцыйным
Як праходзіць працэдура прызнання палітвязняў? Ці варта змяніць крытэрыі надання такога статуса з улікам сітуацыі ў Беларусі і ці зрабіла гэта праваабарончая супольнасць?
З гэтымі пытаннямі разам з юрыстам праваабарончага цэнтра „Вясна” Паўлам Сапелкам разбіралася наша карэспандэнтка Ева Бардзілоўская:
РР: Існуе такое меркаванне, што прызнаннем палітвязняў займаецца ў асноўным „Вясна”.
– Гэта не зусім так. Так, насамрэч „Вясна”, праводзіць пэўную працу па падрыхтоўцы гэтых заяў, вышуквае інфармацыю пра кожны выпадак, пра кожнага патэнцыйнага палітвязня. Часта праводзіць нейкі юрыдычны аналіз. Ужо вось гэтая падрыхтаваная заява, падрыхтаваны матэрыял прапануецца для вывучэння ці абмеркавання калегам праваахоўнікам. Вясна тут роўны партнёр. Тое, што „Вясна” праводзіць нейкую падрыхтоўчую працу, гэта не азначае, што „Вясна” вызначае, каму быць, а каму не быць палітвязнем.
РР: Нехта можа далучыцца да пулу праваабарончай супольнасці?
– У прынцыпе так, хутчэй за ўсё. Трэба разумець, што гэтыя людзі павінны падзяляць тыя ж ідэалы і тая ж прынцыпы, што і праваабаронцы, якія цяпер складаюць гэтую нацыянальную праваабарончую платформу. Агулам ёсць прынцыпы праваабарончай дзейнасці, якія былі некалі прынятыя беларускімі праваабаронцамі. Ёсць спіс арганізацый, якія далучыліся да яго, але ёсць маленькае але, не ўсе гэтыя арганізацыі на справе прытрымліваюцца прынцыпаў праваабарончай дзейнасці. Неяк так склалася, што цяпер узгоднена і сумесна працуюць менавіта тыя, каго вы бачыце сярод падпісантаў заяў. Некаторыя арганізацыі, якія з’яўляюцца праваабарончымі ці маюць вялікі праваабарончы складнік у сваёй дзейнасці, не ўдзельнічаюць зараз у працэсе прызнання палітвязняў таму, што іх дзейнасць прыпынена па аб’ектыўных прычынах, з нагоду пераследу іх уладамі.
РР: Даволі часта гучыць крытыка наконт непрызнання людзей палітвязнямі.
– Увогуле гэта даволі такі павярхоўны погляд. Ён мае права на існаванне, але калі б усе прыхільнікі гэтага падыходу азнаёміліся з нашымі правіламі па вызначэнні паняцця палітвязень, яны б зразумелі тую логіку, якой мы кіруемся. Трэба разумець, што гэтыя правілы вызначаюць дзве катэгорыі палітвязняў па якіх ёсць канкрэтныя патрабаванні, якія становяцца палітвязнямі ў сілу разнастайных абставін. Адна катэгорыя вязняў – гэта тыя, каго рэпрэсуюць выключна ў сувязі з ажыццяўленнем сваіх асноўных правоў і свабод. Ці рэпрэсуюцца ў сувязі з тым, што ажыццяўлялі дзейнасць па абароне правоў чалавека ці яны былі пазбаўленыя свабоды па нейкім дыскрымінацыйным прызнакам – за веравызнанне, колер скуры, пол і гэтак далей. У адносінах гэтых вязняў, мы патрабуем іх вызвалення і пакрыццё шкоды без усякіх умоваў. То бок гэта вязні па такіх справах, як арганізацыя групавых дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак. То бок фактычна, гэта тыя, хто прымае ўдзел у мірных сходах і не ўжывае гвалт.
Ёсць другая катэгорыя, якая становіцца палітвязнямі тады, калі іх выбарачна, у параўнанні з іншымі, пазбаўляюць свабоды. То бок гэта найчасцей тыя выпадкі, калі ў дзеяннях людзей ёсць прыкметы складу злачынства, якія праследуецца ва ўсім свеце. У тым ліку гэта гвалтоўныя дзеянні, якія былі адказам на непрапарцыйнае ўжыванне сілы з боку сілаў правапарадку.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Праваабарончы цэнтр „Вясна” заклікае паведамляць яму факты рэпрэсій у дачыненні да вас і вашых блізкіх, адзначыў Павел Сапелка.
Беларускае Радыё Рацыя