Павел Сапелка: Абвешчаны дастаткова мяккі прысуд



Дзмітрыя Паліенку прызналі вінаватым у асабліва злосным хуліганстве. Прысуд – 3 гады хатняй хіміі (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову). Мінус год па амністыі. А таксама падпіска аб нявыездзе і прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Гэта менш, чым тое, што прапанаваў пракурор (6 гадоў зняволення).

Сваім меркаваннем наконт прысуда падзяліўся юрыст ПЦ „Вясна” Павел Сапелка:

– Адзіным законным прысудам па гэтай справе было б апраўданне і ўсё. Я так разумею, суды ў нас не настолькі незалежныя, каб прыняць такое рэвалюцыйнае рашэнне, вынесці апраўданне па такой палітычнай справе, то быў вынесены, скажам наўпрост, дастаткова мяккі прысуд. Хаця канешне трэба разумець, што гэта ўсё роўна крымінальна пакаранне. Гэта пакаранне накладае пэўныя абмежаванні і невыкананне гэтых абмежаванняў можа стаць падставай для новага асуджэння і накіраванне Паліенкі ў месцы адбыцця пакарання.

З чалавечага пункту гледжання трэба парадавацца за Дзмітрыя, які ўжо сёння апынецца сярод сваіх сяброў і блізкіх, кажа Павел Сапелка. А канчатковую пазіцыю праваабарончыя арганізацыі выкажуць пазней, пасля вывучэння ў поўным аб’ёме прысуду па крымінальнай справе.

Беларускае радыё Рацыя, Менск