Павел Севярынец аштрафаваны на 1.150 рублёў



Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) Павел Севярынец аштрафаваны на 50 базавых велічыняў (1 тыс. 150 рублёў) за ўдзел у акцыі ў падтрымку тэлеканала „Белсат”. Такое рашэнне прыняў 5 студзеня суддзя суда Ленінскага раёна Менска Дзмітрый Астапенка, паведаміў Севярынец.

Пратакол у дачыненні да палітыка на падставе арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) быў складзены паводле вынікаў пікета 20 снежня. У гэты дзень прадстаўнікі апазіцыі выйшлі з плакатамі ў падтрымку тэлеканала „Белсат” да Адміністрацыі прэзідэнта. Яны перадалі ў прыёмную адміністрацыі зварот з патрабаваннем „спыніць вяшчанне расейскіх прапагандысцкіх каналаў, якія падрываюць незалежнасць Беларусі, а таксама ўключыць „Белсат” у сетку вяшчання ў Беларусі, фінансаваць яго за кошт дзяржаўнага бюджэту і акрэдытаваць ўсіх журналістаў”.

img_20161220_123441

„Я паводле вынікаў суда прапанаваў суддзі напісаць рапарт аб звальненні ў сувязі з іх дзеяннямі. Адказ быў такі: „Мы ваша меркаванне пачулі”, — сказаў Севярынец.

Гэта першы для яго штраф у 2017 годзе. Летась сустаршыню БХД прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у акцыях апазіцыі не менш як 15 разоў.

Пра тое, што МЗС Польшчы скарачае на дзве траціны фінансаванне „Белсата”, стала вядома 15 снежня. Навіна выклікала шырокі грамадскі рэзананс у Беларусі. Прадстаўнікі МЗС Польшчы пацвердзілі намер скараціць фінансаванне тэлеканала, падкрэсліўшы, што гэта не звязана з палітыкай.

БелаПАН