Павел Севярынец: Бачым нацыянальную ідэю на грунце хрысціянскіх каштоўнасцяў



У Менску адбылася канферэнцыя „Беларуская нацыянальная ідэя ў еўрапейскім кантэксце”. Мерапрыемства правёў аргкамітэт па стварэнні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

Як сказаў адзін з арганізатараў канферэнцыі – сустаршыня БХД Павел Севярынец, большасць з выступоўцаў бачыць нацыянальную ідэю на грунце хрысціянскіх каштоўнасцяў. І менавіта ў гэтым выяўляецца еўрапейскасць беларусаў, – лічыць Павел Севярынец.

– Мы сталі дзяржавай калі далучыліся да еўрапейскага хрысціянства 1000 гадоў таму. І ўсе 1000 гадоў мы, беларусы, спрабавалі трансфармаваць, праз розныя канфесійныя пытанні, праз розныя нацыянальныя праекты, вось гэтае спалучэнне сваёй культуры, сваёй мовы на аснове хрысціянскіх каштоўнасцяў. Гэтыя абмеркаванні надзвычай важныя, бо яны могуць даць штуршок афармленню нацыянальнай ідэі знізу. Зверху дзяржава яе не артыкулюе. Дзяржава зараз прапіхвае або савецкі, або расейскі праект.

Таму хваля фармавання нацыянальнай свядомасці і фармулявання нацыянальнай ідэі павінна ісці ад  грамадства, ад цэркваў, ад партыяў, – лічыць Павел Севярынец. 

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя