Павел Севярынец: Беларусь ператвараецца ў пірацкую дзяржаву



Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч адказала сустаршыні Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Паўлу Севярынцу на зварот у справе публікацыі ягонай тэлефоннай размовы са Змітром Дашкевічам. Размову апублікавалі у фільме „Звонок другу”, паказаным увесну па Беларускім тэлебачанні. Паводле Ананіч, публікацыя аўдыёзапісу прыватнай тэлефоннай размовы ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала не з’яўляецца парушэннем закона. Для нейкіх мер адказнасці ў дачыненні да БТ, падсумоўвае Ананіч, няма падстаў.

Каментуе Павел Севярынец:

Адказ мае на ўвазе, што публікаваць вынікі праслухоўвання прыватных тэлефонных размоў – гэта абсалютна законна. Для мяне відавочна, што Беларусь ператвараецца ў пірацкую дзяржаву ў самым сэрцы Еўропы. То бок можна красці прыватныя размовы грамадзянаў, выстаўляць іх у эфір, і гэта будзе прызнана цалкам законна. І гэта адказвае не які-небудзь клерк, а міністр інфармацыі.

Як адзначае Павел Севярынец, ён паспрабуе справу давесці да суда. Пакуль жа ён збіраецца абскардзіць адказ міністра інфармацыі, патрабаваць матэрыялы міліцэйскай праверкі па факце незаконнай, па яго словах, публікацыі яго са Зміцерам Дашкевічам прыватнай размовы ў дзяржаўным СМІ.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя