Павел Севярынец: Гэта цалкам незаконная афёра



Заявы кіраўнікам Камітэту дзяржкантролю Беларусі, Генеральнай пракуратуры і Менскага аблвыканкама накіраваны ад імя абаронцаў Курпатаў. Гэтыя дакументы персанальна аднеслі ў дадзеныя ведамствы адказны сакратар Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Алесь Чахольскі і сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец.

Па словах Севярынца, у заявах коратка апісваецца вельмі сумніўная гісторыя з будаўніцтвам рэстарана каля мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсіў Курапаты.

– Цалкам незаконная афёра. Ёсць наўпроставае падазрэнне ў карупцыі. І ў гэтым звароце мы прыводзім дакументы – дадаткі з тых пастановаў пракуратуры, пастановы мінкульта, якія былі яшчэ ў 2012 -2013 гадах, і новыя факты, якія ўсплылі прасля адкрыцця рэстарацыі “Бульбаш-хол”. Мы патрабуем зачыніць, знесці альбо перанасці гэты аб’ект. Відавочна, у любой нармальнай дзяржаве вінаватых у карупцыйных злачынствах, якія праглядаюцца за гэтай схемай, прыцягнулі б да адказнасці.

Па словах Паўла Севярынца, уладзе і самаму Аляксандру Лукашэнку ў дадзенай сітуацыі нельга адмоўчвацца, каб не згубіць рэшткі рэпутацыі і павагі.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя