Павел Севярынец: Гэта ўжо нейкая сталіншчына – забіраць у пісьменніка рукапіс



Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Павел Севярынец накіраваў у Генеральную пракуратуру заяву пра канфіскацыю рукапісу з другой кнігі яго рамана „Беларусалім”.

Рукапіс з 11 старонак канфіскавалі ў яго ў ізалятары на Акрэсціна падчас адбывання 10 сутак адміністрацыйнага арышту  за абарону Курапатаў.

– 11 старонак, якія былі запоўнены зялёнай асадкай, былі забраныя ў мяне падчас адной з праверак. Пасля таго як я напісаў заяву на імя начальніка цэнтра ізаляцыі аб тым, каб мне вярнулі гэты рукапіс, змена на наступны дзень раскідала паперы з маіх асабістых рэчаў па ўсёй камеры, і патапталася па іх. Раман „Беларусалім” з большага быў напісаны ў месцах зняволення, і нідзе – ні ў Валадарцы, ні ў Амерыканцы, ні ў ізалятарах па ўсёй Беларусі, ні ў спецкамедатурах – рукапісы не забіралі. Гэта ўжо нейкая сталіншчына – забіраць у пісьменніка рукапіс.

Як адзначае Павел Севярынец, паводле ўсіх нарматыўных дакумантаў, супрацоўнікі ізалятара не могуць канфіскоўваць асабістыя запісы – гэта яго маёмасць. „Больш за тое, паколькі я пісьменнік, гэта мой хлеб”, – адзначае сустаршыня БХД.  Факты канфіскацыі рукапісу і іншых здзекаў падчас адбыцця пакарання ён збіраецца данесці да як мага больш шырокіх колаў беларускай і міжнароднай грамадскасці. Павел Севярынец патрабуе вярнуць яму рукапіс і пакараць асобаў, вінаватых у парушэнні яго правоў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя