Павел Севярынец: Існуюць сур’ёзныя праблемы прыёмных сем’яў у Беларусі



Заканадаўства Беларусі, якое тычыцца абароны сям’і і дзяцей, недасканалае. Яно дапускае магчымасць свавольства чыноўнікаў, – лічыць сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец.

Агульныя праблемы прыёмных сем’яў і канкрэтная справа сям’і Ірыны Моцнай з Клімавіцкага раёну Магілёўскай вобласці, над якой мясцовыя ўлады жорстка расправіліся, былі абмеркаваныя ў Менску на адмысловым „круглым стале”. Падобных выпадкаў у краіне нашмат больш, – падкрэсліў Павел Севярынец.

– Практычна кожная прыёмная сям’я ў Беларусі сутыкаецца з велізарнымі праблемамі. Вельмі шмат хто зараз адмаўляецца браць прыёмных дзяцей, таму што такая жахлівая сітуацыя. А ў выпадку Ірыны Моцнай – гэта ўвогуле прыклад тэрору на раённым узроўні, калі квітнеючую сям’ю з прыёмнымі дзецьмі, літаральна разграмілі, разагналі, адабралі дом, дзеці разбегліся, або былі ўзятыя ў дзіцячы прытулак, матулю пасадзілі, для таго, каб астатнія прыёмныя сем’і не падымалі свой голас.

Па словах Паўла Севярынца, на „круглым стале” абмеркавана не толькі справа Ірыны Моцнай і шляхі дапамогі ёй і яе сям’е, а таксама і магчымыя папраўкі ў заканадаўства аб сям’і, якія б спрыялі яго кардынальнаму паляпшэнню.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя