Павел Севярынец: Мітынгі прадпрымальнікаў, але запрашаем усіх
У Менску адбылося чарговае паседжанне аргкамітэту па стварэнні прафсаюза прадпрымальнікаў „Салідарнасць”. На ім абмеркавалі хаду збору подпісаў за адмену ўказаў кіраўніка дзяржавы, якія пагаршаюць умовы працы індывідуальных прадпрымальнікаў. Як кажа адзін з лідараў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец, у паседжанні прынялі ўдзел прадпрымальнікі і грамадскія актывісты з усіх рэгіёнаў Беларусі:
– Абмяркоўвалі збор подпісаў за адмену ўказа №222 і №148, тых указаў, пасля якіх пачаліся праблемы ў прадпрымальнікаў. Збор подпісаў ідзе. Абмяркоўвалі бліжэйшыя мітынгі. Пададзена заяўка на мітынг у Барысаве 7 траўня. Будзе таксама мітынг у Маладэчне 14 траўня. У першую чаргу гэта на прадпрымальніцкай пляцоўцы, але запрашэнне далучацца ўсім, таму што салідарнасць – гэта салідарнасць.
Хоць Павел Севярынец прызнаў, што збор подпісаў ідзе няпроста і настрой у прадпрымальніцкім асяродззі складаны. Але тым не менш, з прадпрымальнікамі трэба працаваць. Гэта адна з тых катэгорый грамадзянаў, якія здольны да арганізаванага адстойвання сваіх правоў, яны здольны змяніць сітуацыю, – сказаў Павел Севярынец. Таму геаграфія акцыі па зборы подпісаў досыць шырокая. Ён ідзе амаль у чатырох дзясятках самых буйных гарадах Беларусі.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя