Павел Севярынец: Мусім скаардынаваць пратэстную дзейнасць ІП
У Менску прайшло першае паседжанне Камітэта па выратаванню прадпрымальнікаў. Ідэя яго стварэння належыць Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Вёў паседжанне сустаршыня аргкамітэта па стварэнню БХД Павел Севярынец.
Па яго словах, асноўная задача камітэту – гэта каардынацыя паміж рознымі групамі прадпрымальнікаў. Таму што адныя накіраваны на перамовы з уладамі, другія на пратэсты, трэція проста не каардынуюцца паміж сабой.
– Гаворка ішла пра тое, каб гэта ўсё скаардынаваць і дзейнічаць адладжанна. Таму як раз мы сабралі і перамоўшчыкаў, і пратэстных, і тых, якія ў роспачы, і тых прадпрымальнікаў, якія свае мясцовыя кампаніі ладзяць. Таму, акрамя вось гэтай каардынацыі, прынялі прынцыповае рашэнне ўстрымацца ад узаемнай крытыкі.
Па словах старшыні каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Менска, намесніка кіраўніка Руху салідарнасці „Разам” Аляксандра Макаева, прадстаўнікам дробнага бізнесу даўно наспела пара спыніць узаемную крытыку і скаардынаваць дзеянні па адстойванні сваіх правоў. Асабліва гэта важна напярэдадні некалькіх акцый пратэсту прадпрымальнікаў:
– Акцыі прадпрымальнікаў пачнуцца ў бліжэйшы час: 28 лютага а 15-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы пройдзе марш прадпрымальнікаў, мітынгі ў рэгіёнах, страйк па ініцыятыве слонімскіх прадпрымальнікаў. Выпрацаваць агульную стратэгію – гэта вельмі карысна.
Таму праца Камітэту па выратаванню прадпрымальнікаў можа стаць вельмі важнай для іх супраціву дзеянням уладаў, – лічыць Алесь Макаеў.
Акрамя гэтага, на паседжанні Камітэта па выратаванню прадпрымальнікаў прынята рашэнне патрабаваць выхаду Беларусі з Еўразійскага эканамічнага саюзу. Таксама ўдзельнікі паседжання рашылі выказаць недавер кіраўніку краіны Аляксандру Лукашэнку і заклікалі да адстаўкі прэмьер-міністра Андрэя Кабякова. У выпадку невыканання патрабаванняў камітэту будзе праведзены шэраг пратэстных мерапрыемстваў.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя