Працы на будоўлі ў Курапатах прыпыненыя (абноўлена)



Сёмы дзень абароны Курапатаў. Абаронцы ўмацавалі варту каскамі ды слезацечнымі балончыкамі. Старую ахоўную зону працягваюць пазначаць крыжамі. У намётавым мястэчку з’явіўся вялікі намёт на 10 месцаў. Сродкам абагрэву выступаць пара бочак з дровамі. Акром таго, сёння адбылася супольная малітва.

Валерыя Чарнаморцава – актывістка Беларускай хрысціянскай дэмакратыі – зладзіла экскурсію па народным некропалі. Удзел узялі некалькі дзясяткаў чалавек.

– Сябры, заклікаю ўсіх заўтра а 8 гадзіне падысці да Курапатаў, калі вы неабыякавыя да таго, што адбываецца ў нашай краіне.

На ранак панядзелка абаронцы Курапатаў аб’явілі вялікую мабілізацыю. Аквывісты маюць намер не прапускаць на тэрыторыю будоўлі працоўных і тэхніку. Частымі гасцямі ў намётавым мястэчку сталі музыкі. У іх ліку – бард з Гомеля Андрэй Мельнікаў:

8 гадзін – гэта будзе самы важны момант. У гэты час трэба будзе не прапусціць тэхніку, калі яна сюды прыедзе. Для беларусаў, як і для скаўтаў, на «Будзь гатоў» адказ такі: «Да ўсяго гатовы! І ў любы момант».

Згодна з сённяшнім раскладам, а 20-й гадзіне ў намётавым гарадку на плоце пройдзе паказ фільма „Дарога праз Курапаты”. Сярод актуальных патрэбаў абаронцаў – па-ранейшаму дровы, пітная вада, паліва для генератара і ліхтары.

Ноч з 25 на 26 лютага ў лагеры пад будоўляй ля мемарыяльнага комплексу «Курапаты» прайшла без інцыдэнтаў.

Уночы ў лагеры было каля 30 чалавек, пад раніцу засталося 20. Некаторыя актывісты зараз яшчэ спяць у намётах.

Ад ранку абаронцам Курапатаў мясцовыя жыхары нясуць бліны.

За лагерам працягваюць назіраць некалькі людзей у цывільным.

* * *

Пакуль менчукі падвозяць пратэстоўцам ежу, дровы і цёплую вопратку, былы палітвязень, блогер Эдуард Пальчыс адказвае за інфармацыйнае забеспячэнне. Ён  ладзіць жывыя трансляцыі праз Фэйсбук, інфармуе пра патрэбы намётавага мястэчка:

– Рашэння з боку чыноўнікаў не ідзе. Пратэстоўцы яшчэ ў першы дзень, калі тут нікога не было, ні прэсы, ні журналістаў, казалі рабочым, што яны пойдуць да канца і будаваць не дазволяць. Людзі проста трымаюць сваё слова.

РР: Ці павялічваюцца шанцы цяпер?

– Усё залежыць ад мер гарвыканкама. Калі хадзілі на прыём, мы казалі, што не хочам абвастраць, ніякай палітыкі. Але калі забудоўшчык нахабна працягвае рабіць сваю справу, то што застаецца актывістам.

На думку Пальчыса, гарадcкія ўлады пакуль нt ўмешваюцца, бо будоўля карупцыйныя, і чыноўнікі баяцца пакарання за выкрытыя парушэнні. Міліцыя таксама выглядае разгубленай, заўважае блогер.

– Справа вельмі гучная, яна зараз можа выйсці на міжнародны ўзровень. Праўда на нашым баку, і юрыдычна, і па ўсіх дакументах, і маральна. Таму можа быць усё ўсё ж такі павернецца ў наш бок.

Вядома, што ў панядзелак, 27 лютага, у Першамайскім райвыканкаме Менску адбудуцца грамадскія слуханні па ахоўных зонах. У пасяджэнні прымуць удзел эксперты і жыхары бліжэйшых да Курапатаў дамоў. Пачатак а 14:15. У сераду, 1 сакавіка, а 10-й гадзіне актывісты пойдуць на прыём да старшыні менскага гарвыканкаму.

Беларуская інтэлігенцыя рыхтуе зварот супраць незаконнай будоўлі ў Курапатах. Тэкст з’явіцца бліжэй да панядзелка, 27 лютага.

Пра гэта паведаміў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, які наведаў Курапаты:

– Рыхтуецца зварот дзеячоў культуры Беларусі ў абарону Курапатаў, супраць гэтай будоўлі. Зараз мы працуем па гэтым накірунку, каб як мага больш знакамітых культурных дзеячоў Беларусі падпісалася пад гэтым зваротам.

Аляксей Янукевіч перакананы, што сітуацыя вакол будаўніцтва ў бліжэйшыя дні яшчэ больш абвастрыцца, але вырашыцца на карысць тых, хто абараняе Курапаты:

– Падзеі будуць разгортвацца досыць хутка, будаўнікі і кампанія забудоўшчыка імкнуцца пайсці ў ва-банк. Яны адчуваюць, што іх пазіцыі пачынаюць хістацца, яны хочуць як мага шырэй разгарнуць гэтае будаўніцтва, каб пазней спасылацца на тое, што ўкладзены вялікія сродкі, шмат працы зроблена і спыніць немагчыма. Аднак мы бачым, што і маладафронтаўцы, і людзі, якія іх падтрымліваюць, а таксама мясцовыя жыхары, настроены вельмі рашуча.

На думку лідара Партыі БНФ, улады ў гэтым канфлікце хочуць “умыць рукі”, таму пазіцыянуюць супрацьстаянне як спрэчку паміж будаўнікамі і актывістамі.

У Менску каля тэрыторыі, дзе адбываецца незаконная будоўля побач з народным некропалем, праходзіць чарговы сход.

У ім бяруць удзел моладзевыя актывісты, прадстаўнікі грамадcкасці, мясцовыя жыхары.

Будаўнікі, як і абяцалі, сёння ня выйшлі на працу. У лагеры актывістаў зараз некалькі дзясяткаў чалавек. Павялічваецца колькасць бел-чырвона-белых сцягоў. З’явіўся банэр “Спыніце будаўніцтва на касцях”. Тут жа працягваецца збор подпісаў супраць будоўлі.

Лідар Беларускай хрысціянскай дэмакрытыі Павел Севярынец кажа, што будаўнікоў не будуць прапускаць на пляцоўку:

– Мы прымусім іх выканаць рашэнне горада, і прымусім выканаць рашэнне сходу мясцовых жыхароў. Рашэнне горада: да высвятлення ўсіх абставінаў замарозіць будоўлю. Яны працягваюць гэту будоўлю, таму людзі кладуцца пад тэхніку, тут будоўлі не будзе.

Каля будаўнічай пляцоўкі актывісты пачалі ўсталёўваць крыжы, каб пазначыць ранейшую ахоўную зону.

Гаворыць актывістка – Святлана Каваленка:

– За першы вечар, калі тут мітынг адбываўся, сустрэча з жыхарамі, мы сабралі 210 подпісаў адразу. А ўчора збірала адразу некалькі чалавек. Ноччу яны пакідалі тут падпісныя лісты, зараз пачалі, пакуль проста не лічылі.

Паралельна подпісы збіраюць мясцовыя жыхары. Агульная колькасць подпісаў пераваліла за тысячу.

Людзі з розных канцоў Менску падтрымліваюць актывістаў прадуктамі, вадой і цёплымі рэчамі.

 

У панядзелак, 27 лютага, адміністрацыя Першамайскага раёна Менска будзе разглядаць сітуацыю вакол Курапатаў на адмысловым пасяджэнні.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота svaboda.org