Павел Севярынец – на Беларускім Радыё Рацыя (абноўлена)



Беларускі палітык і публіцыст быў госцем Беларускага Радыё Рацыя, дзе прэзентавалі яго кнігу-зборнік эсэ „Беларуская глябіня”. Падчас сустрэчы беларускі палітык расказаў, як апазіцыя рыхтуецца да прэзідэнцкіх выбараў 2015 года, якія мэты і прынцыпы дзейнасці Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. А таксама стаў госцем праграмы «Месца для прэсы». Улад Грынеўскі пагутарыў з Паўлам Севярынцам пра адчуванні беларускага грамадства падзеяў ва Украіне, а таксама пра ролю медыя ў гэтым працэсе. Глядзім відэа;)

* * *

Як апазіцыя рыхтуецца да прэзідэнцкіх выбараў 2015 года, якія мэты і прынцыпы дзейнасці Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ў Беларусі? Пра гэта і іншае былы палітычны зняволены, палітык, грамадскі дзеяч і пісьменнік Павел Севярынец распавёў на сустрэчы ў Беластоку.

DSC08596

Адной з нагодаў, для якой стала прэзентацыя кнігі-зборніка эсэ „Беларуская глябіня”, якую Павел Севярынец напісаў у час адбывання трохгадовага пакарання за падзеі Плошчы-2010. Аднак большая частка сустрэчы з сустаршынём аргкамітэта па стварэнні партыі БХД прысвечана была актуальнай унутрыдзяржаўнай сітуацыі ды падрыхтоўцы апазіцыі да прэзідэнцкіх выбараў:

Час, у якім зараз апынулася Беларусь, цяжкі і адначасова цікавы. Мы зараз з вамі сочым за падзеямі ва Украіне і разумеем, што ўвесь рэгіён ад Балтыкі да Чорнага мора прыйшоў у рух – гістарычны, геапалітычны. І ў гэтым руху адно з пытанняў – які далейшы шлях абярэ беларускі народ. Становішча Беларусі на гэтым украінскім разломе вызначаецца тым, што шмат расейскай прапаганды, людзі глядзяць расейскія тэлеканалы, і ў вельмі значнай ступені стан дэмакратычных сіл у Беларусі пагоршыўся, бо цяпер любая актыўнасць, любы заклік да пераменаў успрымаецца як скажоны праз расейскія тэлеканалы заклік да гвалту, да крыві.

З іншага боку, нават Лукашэнка зразумеў, што жарцікі скончыліся, што наступнай можа быць Беларусь. Можна казаць пра тыя знакі ці сігналы, што сам Лукашэнка ці некаторыя губернатары пачынаюць размаўляць крыху па-беларуску. Але можна казаць і пра тое, што сутнасць рэжыму не змянілася, ніякіх зменаў унутры рэжыму, якіх-небудзь зрухаў у бок Еўропы, у кірунку аддзялення ад Расеі пакуль не бачна. Як не бачна і павароту да дэмакратыі.

У такім стане мы падыходзім да 2015 года, які ў Беларусі ёсць годам прэзідэнцкіх выбараў, няхай так назавём яго. Лукашэнка кажа, што гэта выбары, мы разумеем, што ніякіх выбараў у Беларусі няма. Ёсць толькі палітычная кампанія, якая паклікана чарговы раз пацвердзіць, што сфальсіфікаваны 80 ці 90% галасоў, якія нібыта падтрымалі Лукашэнку і ягоны рэжым.

Адзіны лідар беларускіх дэмакратычных сілаў. Перад кожнай так званай прэзідэнцкай кампаніяй гэтае пытанне ўздымаецца. У 2001 і 2006 годзе дэмакратычным сілам удавалася вылучыць адзінага. У 2010 гэтага не было. Пасля 2010-га большая частка палітычных лідараў, якія ўдзельнічалі як кандыдаты ў прэзідэнты, апынуліся ў турме.

Для мяне гады зняволення былі своеасаблівай працай над памылкамі. Я вынес з гэтага ідэю пра тое, што ў Беларусі мусіць быць адзіны лідар ад апазіцыі, які мусіць несці адказнасць і казаць адным голасам. Таму гэтая задача стала перад кіраўніамі дэмакратычных сіл, сярод якіх на сённяшні дзень Беларускі Народны Фронт, Рух “За свабоду”, Аб’яднаная грамадзянская партыя, “Справядлівы свет”, “Гавары праўду!”, сацыял-дэмакраты і, канешне ж, Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, што бяруць удзел у кансультацыях, дзе абмяркоўваюць, якой мусіць быць кампанія, яе стратэгія, як выйсці на гэтага адзінага лідара.

На дадзены момант у нас ёсць 5-старонкавы ўзгоднены дакумент працэдуры Кангрэса дэмакратычных сіл, якім можа быць абраны гэты лідар. Ёсць 2 неўзгодненыя абзацы, па якіх мы не можам прыйсці да супольнага рашэння. Але спадзяюся, што напачатку восені мы вызначымся з кандыдатам, стратэгіяй ці хаця б працэдурай абрання гэтага адзінага кандыдата.

Мы бачым сябе пераемнікамі той Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыяй, стараемся дарасці да яе ўзроўню і ісці тым жа шляхам. Верым у тое, што Беларусь рана ці позна, але прыйдзе да сістэмы, характэрнай для спелых дэмакратыяў. Гэта калі ёсць 2 моцныя партыі. Адна з іх, скажам, правацэнтрысцкая, больш праеўрапейская хрысціянская дэмакратыя, а другая –  сацыялістычная ці сацыял-дэмакратычная, бліжэй па арыентацыі да Расеі, як гэта, у прынцыпе, і ёсць у рэгіёне. Ну, і мы як Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя працуем ужо цяпер над гэтым, каб такая платформа ўжо была падрыхтавана для Беларусі.

На сустрэчу, арганізаваную Беларускай нацыянальнай памяццю, у рэдакцыю Беларускага Радыё Рацыя прыйшлі таксама журналісты польскіх і беларускіх сродкаў масавай інфармацыі з Беластока.

* * *

Сустрэча з палітыкам, грамадскім дзеячам ды пісьменнікам Паўлам Севярынцам прайшла ў Беластоку. Сустаршыня стваранай Партыі „Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя“ наведаў рэдакцыю нашага Беларускага Радыё Рацыя, дзе распавёў між іншым пра падрыхтоўку апазіцыі да будучых прэзідэнцкіх выбараў і дзейнасць хрысціянскіх дэмакратаў у Беларусі.

Як адзначыў Павел Севярынец, на Пружаншчыне, дзе ён адбываў пакаранне за Плошчу, Радыё Рацыя знаходзіць свайго слухача:

– Хацеў бы падзякаваць Рацыі за тое, што падтрымлівала мяне ў Купліне, бо сапраўды самыя першыя навіны, самыя вострыя навіны адтуль першай даведвалася Рацыя. Рацыю там слухаюць, магу вас пераканаць, гэта прастора абсягу Радыё Рацыя. І часам да нас на склад, ці да мяне ў камендатуру прыязджалі людзі, якія адкрывалі дзверку аўто, уключалі на поўны гук радыё, і гэта як раз была Рацыя.

На сустрэчу, арганізаваную Беларускай нацыянальнай памяццю, прыйшлі таксама журналісты польскіх і беларускіх СМІ з Беластоку. Прысутныя змаглі таксама набыць апошнюю кнігу палітыка – „Беларуская глыбіня”, напісаную ў час трохгадовага зняволення.

[Not a valid template]

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Аляксея Трубкіна