Павел Севярынец на волі
Пасля 10-сутачнага арышту 8 сакавіка на волю з менскага Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў выйшаў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец.
Ён быў затрыманы 26 лютага, калі выйшаў з дому на акцыю салідарнасці з палітвязнямі, якую напярэдадні анансаваў у сацыяльных сетках. У дачыненні да палітыка склалі пратакол па артыкуле 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў). Да суда Севярынец правёў тры ночы ў ізалятары часовага ўтрымання. 1 сакавіка яго прывезлі ў суд Фрунзенскага раёна. Сваёй віны палітык не прызнаў.
„Пасадка за абвяшчэнне акцыі — сведчанне нервовай рэакцыі ўладаў на патрабаванне вызваліць палітвязняў. Наша пазіцыя: хочаце праводзіць Еўрапейскія гульні — вызваляйце людзей. Думаю, з гэтай тэмай мы патрапілі ў самы яблычак. Патрабаванне вызваліць палітвязняў будзе гучаць і ў далейшым, у тым ліку ў дні спаборніцтваў”, — заявіў БелаПАН Севярынец.
Паводле яго слоў, умовы ўтрымання ў ЦІП былі нядрэнныя, за выключэннем 4 сакавіка, калі адзначаўся Дзень міліцыі. „Забралі матрацы, у камеру падсадзілі чалавека з вошамі. Яго забралі толькі на наступную раніцу”, — паведаміў сустаршыня аргкамітэта БХД.
У сувязі з набліжэннем чарговай гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (адзначаецца 25 сакавіка) Севярынец не выключыў, што яго зноў затрымаюць і дадуць адміністрацыйны арышт.
Акцыя салідарнасці з палітвязнямі адбылася на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску ўвечары 26 лютага. Яна доўжылася паўгадзіны, у ёй прыняло ўдзел каля дзясятка чалавек, якія прыйшлі на плошчу з партрэтамі Вячаслава Барановіча, Міхаіла Жамчужнага, Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, да акцыі, а таксама пасля яе былі затрыманыя Леанід Кулакоў, Арцём Чарняк, Вольга Нікалайчык, Дзмітрый Паліенка, Анастасія Гусева, Мая Навумава, Мікалай Дзядок.
belapan.by