Павел Севярынец: Пачынаем татальны байкот бізнесу Зайдэса



Абаронцы Курапатаў абвясцілі байкот рэстарану „Поедем поедим” і рэстараннай сетцы, якую ўтрымлівае Леанід Зайдэс, уладальнік гэтага рэстарану. Пра гэта заявіў сустаршныня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец на адмысловай прэсавай канферэнцыі каля самаго рэстарану „Поедем поедим”, які пабудаваны побач з мемарыялам – пахаваннем ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах.

– Байкот уласнікам поўны. Не супрацоўнічаць з імі. Мы будзем прасіць, каб ім не выдавалі візы. Каб іх машыны не пускалі далей беларускай мяжы. Будзе байкот наведнікаў, якія прыязджаюць сюды і тараняць машынамі шэрагі абаронцаў, якія адчуваюць асаблівае задавальненне ад наведвання „Поедем поедим”. Мы будзем размяшчаць іх фотздымкі і фотаздымкі іх машын у сацсетках і заклікаць проста не вітацца з імі, спыняць адносіны з такімі людзьмі, таму што тое, што яны робяць, гэта проста амаральныя паводзіны. Будзем заклікаць да байкоту фірмы, якія пастаўляюць прадукты ў „Поедем поедим”.  

Ужо перададзены звароты ў „Лідскае піва”, „Мароз Прадукт” і іншыя, усяго пакуль у 4 фірмы. У чацвер пачнецца байкот яшчэ аднаго менскага рэстарану, які належыць Леаніду Зайдэсу – „Гранд Кушавель”. А ў пятніцу, 19 ліпеня, адбудзецца паседжанне штабу грамадскага байкоту рэстарану „Поедем поедим” і ўсіх датычных да яго асобаў, – распавёў Павел Севярынец.    

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя