Павел Севярынец – пераможца экспертнага апытання БелаПАН „Беларус года – 2019”
43-гадовы сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец стаў пераможцам экспертнага апытання „Беларус года — 2019”, праведзенага ў студзені інфармацыйнай кампаніяй БелаПАН.
Севярынец атрымаў 35 балаў (8 першых месцаў, 4 другія, 3 трэція). За першае месца налічаліся 3 ачкі, за другое — 2, за трэцяе — 1.
Другі радок заняў Аляксандр Лукашэнка — 15 балаў (4, 1, 1), трэцім стаў Сцяпан Пуціла, вядучы телеграм-канала Nexта. У яго столькі ж балаў, але горшы паказчык першых месцаў (0, 7, 1).
У першую дзясятку ўвайшлі таксама правадыр паўстання 1863—1864 гадоў Кастусь Каліноўскі, астанкі якога былі перапахаваныя ў Вільнюсе ў лістападзе (13 ачкоў), міністр замежных спраў Уладзімір Макей (9), праціўнікі акумулятарнага завода ў Брэсце (8), былая кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта, спікер Савета Рэспублікі Наталля Качанава, кардыяхірург Сяргей Спірыдонаў і яго брыгада лекараў (па 7), Сяргей Коўган і яго пошукава-выратавальны атрад „Анёл”, а таксама старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур (па 6).
Апытанне было праведзенае сярод 53 вядомых людзей у сферы палітыкі, эканомікі, культуры, медыя і інш. Ім было прапанавана назваць тройку кандыдатаў. Калі рэспандэнт не мог назваць траіх, дазвалялася назваць двух або аднаго, роўна як можна было назваць некалькі прэтэндэнтаў на адно месца.
Сярод удзельнікаў апытання — лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч, паэт Уладзімір Някляеў, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў папярэдняга склікання Алена Анісім і Вадзім Дзевятоўскі, дырэктар Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ Давід Ротман, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, заснавальнік партала tut.by Юрый Зісер, пісьменнік Віктар Марціновіч, старшыня Паралімпійскага камітэта Алег Шэпель.
„Беларусамі года я назваў бы тысячы людзей, якія не пабаяліся выйсці на вуліцы ў абарону незалежнасці ў снежні — а потым атрымалі штрафы і „суткі”. Мы з вамі — народ, які можа змагацца і можа перамагаць”, — заявіў БелаПАН Павел Севярынец, каментуючы выбар экспертаў.
Цалкам вынікі апытання — у інтэрнэт-газеце БелаПАН Naviny.by („Белорусские новости”).
Упершыню апытанне „Беларус года” было праведзенае ў 2015 годзе. Яго пераможцам стала лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч. У 2016-м беларусам года эксперты назвалі аднаго з лідараў апазіцыі Дзмітрыя Дашкевіча, у 2017-м — 16-гадовага першакурсніка Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 9 аўтамабілебудавання Віталя Цітова, які выратаваў дзевяцігадовага хлопчыка, што тануў у Свіслачы. Беларусам 2018 года без апытання быў названы заснавальнік інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алесь Ліпай (пасмяротна).
belapan.by