Павел Севярынец прааналізаваў 1,5 тысячы лістоў, якія атрымаў у СІЗА



Севярынец расклаў адрасаваныя яму допісы па колькасці беларускамоўных, і паводле стаўлення да веры, піша ў сваім Facebook жонка палітыка Вольга Севярынец.

«Як і абяцаў, пішу табе вынікі па лістах, якія атрымаў. Пералічыў больш, як 1,5 тысячы, якія прыйшлі за 7 месяцаў, паводле мовы і веры.

Вынікі ўражваюць. Справа ў тым, што напачатку года суадносіны беларускамоўных і рускамоўных лістоў былі блізкія да 50/50. А вось ужо на 31 сакавіка 70% лістоў з Менску і 72% з рэгіёнаў — беларускамоўныя. За апошнія тры месяцы больш як пяцьдзесят маіх адрасатаў перайшлі на беларускую мову — у лістах, акаўнтах ды часам і наогул у жыцці.

За апошнія тры дні з 33-х атрыманых лістоў па-руску толькі адзін!

Па рэгіёнах найбольшая доля беларускамоўных адрасатаў на Гарадзеншчыне (82%), найменшая — на Гомельшчыне (59%), але паўсюль больш за палову. У абсалютнай колькасці лістоў на першым месцы Менск (амаль 700 штук), за ім Меншчына і Віцебшчына (каля 100 кожная), затым Гарадзеншчына і Берасцейшчына, плюс багата замежных.

50,2% лістоў з Менску і 46,4% з рэгіёнаў — ад вернікаў. З агульнай колькасці адрасатаў-хрысціянаў 36,5% складаюць рыма-католікі, 6% грэка-католікі, 27% праваслаўныя, 16% пратэстанты, 14,5% нявызначай канфесіі.

100% грэка-католікаў, 94% рыма-католікаў і 87% нявызначаных беларускамоўныя, а вось сярод праваслаўных і евангельскіх вернікаў беларускамоўных усяго каля паловы.

У агульнай плыні лістоў за апошнія месяцы — відавочны рух да Беларусі і Бога.

Робяцца зразумелымі многія рэчы.

Энергія народа пайшла ўнутр, углыб. На ўсведамленне і асэнсаванне сябе — гісторыі, мовы, веры. Абуджаныя беларусы робяць вялікую ўнутраную працу, умацоўваецца нацыянальная салідарнасць і ўзаемападтрымка. На ўсё гэта патрэбны час.

Наша справа — усяляк спрыяць беларусізацыі і евангелізацыі. Бог дзейнічае менавіта ў гэтым кірунку. Супольная малітва, курсы мовы, кнігі, агляды, вандроўкі, спевы разам, гістарычная асвета, ушанаванне памяці тых, хто аддаў жыццё за Беларусь у мінулым даюць апірышча пад нагамі».

novychas.by