Павел Севярынец пракаментаваў выказванні Лукашэнкі ў Берасці



Пасля прыняцця абноўленага дэкрэту № 3 мясцовым органам улады будуць дадзены самыя шырокія паўнамоцтвы, сказаў  Аляксандар Лукашэнка ў Берасці. «Выдзелілі людзей па персаналіях: хто можа, але ня хоча, хто хоча, але ня можа, і тых, якім трэба рыдлёўку ў зубы — і пайшоў працаваць. Хай на мяне ня крыўдзяцца», — сказаў Лукашэнка.

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Павел Севярынец лічыць вар’яцтвам з боку ўладаў вяртацца да дэкрэта аб дармаедстве:

– Думаю, вясновых пратэстаў нашаму рэжыму было мала, каб зразумець што за бяду ён на сябе кліча гэтым дэкрэтам. Зараз граблі рыхтуюцца больш сур’ёзных памераў, і зуб’і там прадугледжваюцца жалезныя. Таму і ўдар будзе, відаць, мацнейшы. Абсалютна няма лагічных каментароў да таго, чым зараз займаецца рэжым. Тут патрэбны хутчэй за ўсё доктар. Я, на жаль, не доктар, пракаментаваць не магу наколькі там глыбокае паражэнне цэнтральнай нервовай сістэмы.

Як раней стала вядома да першага кастрычніка павінен быць абноўлены дэкрэт №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Такую задачу Лукашэнка паставіў на пачатку жніўня. Па падліках кіраўніка дзяржавы, у Беларусі найменьш паўмільёна беспрацоўных людзей. З іх 200 тысяч  можна вызваліць: шматдзетных, хворых, інвалідаў, людзей, якія, можа, і хочуць працаваць, але ў іх не атрымліваецца ў сілу жыццёвых абставін. Але астатнія дзе? Таму дэкрэт №3 – гэта 300 тысяч тых, хто павінен працаваць, але не працуе. Вось і ўся ідэалогія», – заявіў Лукашэнка.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя