Павел Севярынец: Праводзіце Еўрапейскія гульні – вызваляйце палітвязняў
У Менску адбылося паседжанне Форуму „Свабоду палітвязням”. Па словах мадэратара мерапрыемства, сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца, паседжанне было сабрана экстранна. Таму што ў калоніі „Віцьба-3” рэзка ўзмоцніўся ціск на Тараса Аватарава. З-за разнастайных пагрозаў ён фактычна не можа спаць. На паседжанні прадстаўнікі розных грамадскіх арганізацый і партый распрацавалі комплекс дзеянняў, каб палепшыць сітуацыю з Аватаравым і іншымі палітвязнямі.
– Вызначылі, што 18-га збіраем групу людзей, якая пойдзе разам з матуляй Тараса Аватарава на прыём у Дэпартамент выканання пакарання. Вызначылі дату бліжэйшага паседжання. А таксама, што вялікую прэзентацыю спіса палітвязняў ад Форуму “Свабоду палітвязням” наладзіць у студзені. Мы падрыхтуем прэзентацыю і для журналістаў, і для грамадзян Беларусі, і для замежных амбасадаў. Асобны пасыл гэтай кампаніі будзе наступны: Калі вы хочаце праводзіць Еўрапейскія гульні і запрашаць сюды еўрапейцаў – вызваляйце палітвязняў.
Па словах Паўла Севярынца, удзельнікі Форуму „Свабоду палітвязням”, у адрозненне ад некаторых іншых праваабарончых арганізацыяў, напрыклад, праваабарончага цэнтру „Вясна”, лічаць, што ў Беларусі зараз 8 палітычных зняволеных. „Вясна” ж прызнае палітзняволеным аднага Міхаіла Жамчужнага.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя