Павел Севярынец: Прысуд Паліенку – прывітальны жэст МВФ



Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец даў сваю ацэнку сёняшняму прысуду над раварыстам Зміцерам Паліенкам, якога праваабаронцы мелі намер прызнаць палітвязнем, калі б той атрымаў турэмны тэрмін зняволення.

Павел Севярынец

12 кастрычніка быў вынесены прысуд па справе раварыста Зміцера Паліенкі, які амаль паўгода знаходзіўся за кратамі – актывіст атрымаў 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады. Таксама яму давядзецца прайсці лячэнне ад алкагалізму.

Нагадаем, што Паліенку затрымалі 29 красавіка падчас акцыі раварыстаў “Крытычная маса”. Каля паўгода актывіст знаходзіўся за кратамі, яго абвінавачвалі ў «гвалт ці пагрозу гвалту» ў адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў, а таксама ў вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў. На судзе віны сваёй Зміцер не прызнаў.

Павел Севярынец: Пасля выступу пракурора, які папрасіў для Зміцера 2 гады з адтэрміноўкай на 2 гады і накіраваннем на лячэнне, стала зразумела, што загад прагучаў, а ўсе астатнія яго выконваюць. І гэты загад звязаны са спробай атрымаць крэдыт ад Міжнароднага валютнага фонду. І не проста атрымаць, а выманіць у заходнікаў, паказаўшы, што ў нас ёсць станоўчыя зрухі. Спачатку бяруць людзей у закладнікі, а пасля іх вызваляюць.

РР: Ці дае гэты прысуд надзею на вызваленне і Эдуарда Пальчыса, суд над якім распачнецца 14 кастрычніка?

Павел Севярынец: Безумоўна. Няхай гэта будзе вызваленне пад умоўным тэрмінам, але ж вызваленне.

РР: Палітычныя справы для беларускіх уладаў – гэта такі сцэнар для гандлю ці яны па інерцыі дзейнічаюць старымі жорсткімі метадамі?

Павел Севярынец: Думаю, ніякай інерцыі тут няма. Гэта, хутчэй, выкарыстанне ўсяго, што падвернецца пад руку. Раздражнілі раварысты сваёй “Крытычнай масай” – Паліенка апынуўся за кратамі. Раздражніў Расею Пальчыс – таксама яго за краты і на паказальны працэс. А ўжо затым, пасля таго, як над чалавекам паздзекуюцца ў турме, выстаўляюць яго на продаж. Гэта такі спосаб існавання сістэмы, ні пра якую логіку казаць тут не даводзіцца. У прыродзе ж таксама ёсць арганізмы, якія харчуюцца чымсьці мярзотным. Вось і ў нас на патаптанні чалавечай годнасці вырашылі зарабляць грошы для таго, каб працягваць сваё існаванне далей.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя