Павел Севярынец: Разгону не было, але розных правакацый хапала



Падчас правядзення акцыі за справядлівыя выбары ў Палату прадстаўнікоў на Кастрычніцкай плошчы ў Менску невядомыя ў цывільным напалі на прамоўцаў: Паўла Севярынца, Змітра Дашкевіча ды Уладзіміра Някляева.

Распавядае сустаршыня аргкамітэта Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец:

– Брыгада ў цывільным падцягнулася да прамоўцаў і пачала афармляць пратаколы, а затым яшчэ груба ціснуць на іх. Мы спрабавалі зрабіць кола вакол тых, хто выступае. У адказ пачалі літаральна разрываць рукі, валіць з ног. Там было пару дзясяткаў чалавек у цывільным. Але хлопцы малайцы – адбіліся.

Напад адбыўся, калі частка мітынгоўцаў пад бел-чырвона-белымі сцягамі на чале з Міколам Статкевічам ужо рушыла па праспекце да Плошчы Незалежнасці. Міліцыя падышла да тых, хто яшчэ заставаўся на прыступках Палаца рэспублікі, каб скласці пратакол за несанкцыянаванае мерапрыемства.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя