Павел Севярынец: Спадзяюся, спыненне фінансавання не ліквідуе Белсат
Рашэнне Міністэрства замежных спраў Польшчы аб спыненні фінансавання Белсату не азначае, што тэлеканал будзе зачынены. На тое спадзяецца сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец. Палітык нагадаў, што гарантыі развіцця Белсату давала асабіста прэм’ер-міністр Польшчы, таму ёсць спадзеў, што ўрад, калі не праз МЗС, так праз нейкія іншыя інстытуцыі знойдзе грошы для гэтага телеканалу.
– У любым разе дзякуй Польшчы, якая падтрымлівала Белсат. І мы не разумеем пазіцыю МЗС, якое адмаўляе ў падтрымцы Белсату. На жаль, для сённяшняга Міністэрства замежных спраў у Польшчы, як бачна, лозунг “За нашу і вашу свабоду” нічога не варты. Бо прымаюць так званых “палатнікаў” на афіцыйным узроўні ў Варшаве. Я думаю, ім на сподачку вось такую навіну пра спыненне фінансавання Белсату выклалі. Выглядае гэта ўсё брыдка. Гэта рэха Рыжскага міру. Сто гадоў таму ўжо такое было, калі бальшавікі, Крэмль і тагачасная Польшча падзялілі Беларусь.
Беларуская дэмакратычная супольнасць не спыніць кампанію падтрымкі Беласату. Пакуль ёсць надзея, трэба на розных узроўняў дамагацца, прасіць, патрабаваць, пераконваць, каб тэлеканал працягнуў сваю дзейнасць, – упэўнены Севярынец.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя