Павел Севярынец так і не выйшаў з “сутак”
Як распавяла жонка Паўла, Вольга Севярынец, раніцай 22 ліпеня, калі маці Паўла тэлефанавала ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, то ёй паведамілі, што Паўла вызваляюць сёння, 22 ліпеня, а 16-й гадзіне па сканчэнні тэрміна. Таму пад будынкам ЦІП сабралася шмат журналістаў і ахвотных сустрэць Паўла. Але дзяжурны ЦІП сказаў, што не мае аніякай інфармацыі аб вызваленні Севярынца. Прачакаўшы каля двух гадзін, усе разышліся.
Сама інфармацыя аб вызваленні Паўла была вельмі нечаканай, кажа Вольга:
– Тое, што многіх людзей, у тым ліку Паўла, загадзя перад выбарамі затрымалі, зразумела тлумачыць, што моцных лідараў хацелі перад выбарамі “закрыць”. Як для мяне, я думаю, што яго і вызваляць пасля выбараў, калі ўжо не будзе нейкай небяспекі. Таму што зараз мы яго чакаем, а вызвалення так і не адбылося.
Затрымалі Паўла Севярынца 31 траўня пасля таго, як ён выступаў на пікеце па збору подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў. На той момант у яго яшчэ заставаліся неадбытыя суткі за ўдзел у акцыях супраць інтэграцыі. Падчас знаходжання Паўла пад арыштам, над ім правялі яшчэ два суды, рашэннямі якіх сталі яшчэ два арышты па 15 сутак.
Беларускае Радыё Рацыя