Павел Севярынец: Так проста мы гэтага не пакінем



Палітык Павел Севярынец распавядае пра тое, хто правакуе сітуацыю ў «Курапатах».

Напрыканцы гэтага тыдня (напярэдадні 30-годдзя адкрыцця “Курапатаў”) у 50 метрах ад курапацкага мэмарыяла ў комплексе будынкаў, які раней атрымаў назву «Бульбаш-хол» і належыць кампаніі «БелРэстІнвэст», плануць адкрыць рэстаран «Паедзем, паядзім».

Нагадаем, што летась актывісты і мясцовыя жыхары пратэставалі супраць пабудовы офіснага цэнтра на пляцоўцы, якая лічылася ахоўнай зонай Курапатаў. Тады ў выніку пратэстаў будаўніцтва было спынена.

Павел Севярынец: Усё гэта вельмі падобна на правакацыю і спробу разлічыцца за паразу ў мінулым годзе. Таму што адразу супадаюць некалькі рэчаў. Па-першае, некалькі дзён таму маладафронтаўцу Уладзю Яроменку прызначылі прэвентыўны нагляд на шэсць месяцаў за тое, што ён не адсядзеў трое сутак, якія яму прызначылі за абарону Курапатаў на пачатку 2017 года. А зараз і “Бульбаш-Хол” адчыняюць якраз да 30-годдзя адкрыцця “Курапатаў”. Паўтаруся, нам падаецца, што гэта спланаваная правакацыя, і 30 траўня мы збіраемся з абаронцамі Курапатаў і будзем вырашаць, што рабіць далей.

РР: А што ў такой сітуацыі можна зрабіць?

Павел Севярынец: Тут можна дзейнічаць і з юрыдычнага боку, бо пракуратура яшчэ раней прызнала незаконнай гэтую пабудову, а Міністэрства культуры затым вывела тэрыторыю з незаконнай зоны. Хаця з самага пачатку гэта была незаконная пабудова, і было распараджэнне яе знесці. Але ёсць людзі, якія гатовы выходзіць да мемарыяла, ставіць намёты, стаяць ля трасы… У рэшце рэшт, ёсць пакупнікі, якія могуць зайсці і патлумачыць мірна супрацоўнікам установы, што гэта за месца — Курапаты. У любым выпадку, так проста гэтую сітуацыю мы не пакінем.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя