Павел Севярынец: У Беларусі 17 чалавек увязнёныя па палітычных прыкметах
Парламенцкія выбары ў Беларусі ідуць, а палітвязняў у краіне большае. У Менску прайшоў чарговы форум “Свабоду палітвязням”, які аб’ядноўвае палітыкаў, праваабаронцаў, юрыстаў. Гэтым разам у яго працы ўзялі і бацькі беларускіх добраахвотнікаў, якія служаць у АТА ва Украіне.
Расказвае спікер форума, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец:
– Адбыўся форум “Свабоду палітвязням”. Гэта ўжо другі форум за апошні месяц. Бо сітуацыя з палітвязнямі крытычная. 17 чалавек на гэты момант абвінавачаныя, ці асуджаныя і ўжо сядзяць па палітычных прыкметах. І гэта адбываецца на фоне так званых выбараў. Таму безумоўна сітуацыя абуральная. Мы збіраліся для таго, каб дапамагчы хлопцам і з атрыманнем інфармацыі, і юрыдычна, і салідарнасцю, падтрымкай, і дзесьці падтрымкай сям’і. Акрамя гэтага на сённяшняй сустрэчы запачаткавалі Камітэт бацькоў беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне.
На форуме, які прайшоў у офісе Незалежнага прафсаюза РЭП, быў прыняты зварот да беларускай грамадскасці і міжнароднай супольнасці з заклікам больш рашуча выступіць у абарону палітвязняў.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя.