Павел Севярынец: Усіх зламаць не ўдасца
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя Павел Севярынец патлумачыў, чаму ўлада не хоча бачыць «няправільных» адвакатаў.
Кваліфікацыйная камісія Міністэрства юстыцыі правяла атэстацыю яшчэ 13 адвакатаў. Па інфармацыі ПЦ «Вясна», сярод тых, хто гэтым разам трапіў у шэрагі ўмоўна атэставаных, значацца пяць абаронцаў фігурантаў рэзананснай справы “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” (так званай справы “Белага Легіёну”). Раней была пазбаўлена ліцэнзіі Ганна Бахціна – адвакат фігуранта “справы патрыётаў” Міраслава Лазоўскага.
Павел Севярынец: Ціск на адвакатаў узмацніўся па цалкам зразумелай прычыне. Адвакаты выконваюць сваю функцыю і абараняюць тых людзей, супраць якіх узбуджаюцца крымінальныя і адміністрацыйныя справы. А паколькі такія справы — гэта галоўная зброя для застрашвання актыўнай часткі грамадства, то ўладзе трэба прывесці адвакатаў да стану гаротнікаў. Каб яны проста прысутнічалі і стваралі шырму для грамадства, для заходніх назіральнікаў, але ні ў якім разе не ўмешваліся ў працэс. Таму і ціснуць на адвакатуру. Усе тыя, хто абараняў актывістаў апазіцыі, патрапілі пад гэты прэс. Дзясяткі высокакваліфікаваных адвакатаў вымушаны былі шукаць працу юрыстаў, праваабаронцаў, таму што іх пазбавілі ліцэнзіі. Але і тых, хто застаўся з ліцэнзіяй і прафесійнай годнасцю, хочуць пазбавіць права абараняць людзей.
РР: А навошта пазбаўляць адваката ліцэнзіі, калі беларускія суды і так могуць вынесці якое заўгодна рашэнне?
Павел Севярынец: Безумоўна, суды могуць і без адваката вынесці тое рашэнне, якое загадаюць. Але гаворка ідзе пра тое, што акрамя вынесенага рашэння ёсць і іншыя акалічнасці. Гэта і псіхалагічны стан падабароннага, і ўражанне, якое робіцца гэтым працэсам на грамадства альбо міжнародныя структуры. І ў гэтым плане адвакат можа знайсці дзве-тры болевыя кропкі, якія поўнасцю выкрываюць фальш справы. І нават гэты голас ўлады сёння не могуць дапусціць. Таму што ўсе ўбачаць – кароль голы. Відаць, самым лепшым у гэтай сітуацыі вырашылі проста заткнуць адвакатам рот, каб судовыя працэсы выглядалі ідэальна. Каб пасля вынясення судовага рашэння ўсе дружна пляскалі ў далоні, а СМІ правільна асвятлялі прысуд…
РР: Ці запалохаюць такім чынам усіх адвакатаў?
Павел Севярынец: Думаю, усіх зламаць не ўдасца. Упэўнены, што знойдуцца тыя, хто будзе добрасумленна выконваць свае прафесійныя абавязкі і надалей.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя