Павел Севярынец: Варта ў Курапатах будзе працягвацца
Варта каля рэстаранна-забаўляльнага комплексу „Поедем, поедим”, якая стаіць ужо чатыры з паловай месяцы, будзе працягвацца, – упэўнены сустрашыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец.
Асноўная мэта гэтай варты – папярэджваць наведвальнікаў рэстарану, што зусім побач мемарыял – пахаванне ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Курапатах, а сам рэстаран у парушэнне закону быў пабудаваны на тэрыторыі ахоўнай зоны мемарыялу, якую потым чыноўнікі скарацілі, каб надаць знахожанню забаўляльнай установы ў трагічным і сакральным месцы выгляд законнасці.
– Мы хочам паказаць любому чалавеку, які прыязджае ў гэты ганебны рэстаран, што гэта не проста – прыехаў і паеў, а гэта ўчынак, які будзе ацэньвацца і з гледзішча маралі, а можа быць нават і з гледзішча заканадаўства. Гэта вельмі моцны псіхалагічны чыннік. Таму што мы распавядаем тым, хто прыязджае, што нумар вашай машыны будзе ў адкрытым доступе. Гэта грамадскае месца. Больш за тое, гэта незаконна пабудаваная рэстарацыя. Тут вельмі шмат пытанняў.
Тыя, хто не прыслухоўваецца да папярэджанняў, могуць патрапіць у спіс байкоту. У яго ўжо занесены ўласнікі і супрацоўнікі гэтага рэстарану, чыноўнікі і спецыялісты, якія спрычыніліся да з’яўлення рэстарану каля мемарыялу, найбольш агрэсіўныя наведвальнікі, у тым ліку і замежныя грамадзяне з Літвы, Латвіі і нават Кіпру. Як сказаў Павел Севярынец, гэты спіс ужо накіраваны ў шэраг еўрапейскіх амбасадаў. „Мы просім нашых еўрапейскіх калегаў зрабіць візавы бан для гэтых людзей, каб яны не змаглі ўязджаць на тэрыторыю цывілізаваных краінаў, калі яны дэманструюць такую непавагу ў дачыненні да беларускай памяці”.
Удзельнікі абароны мемарыялу ў Курапатах ад рэстаранна-забаўляльнага комплексу „Поедем, поедим” прадставілі грамадскасці абноўлены спіс байкоту.
Па словах журналіста Дзяніса Івашына, з самага пачатку варты абароны, а гэта ўжо больш за 130 дзён, здзяйсняецца фіксацыя дзейнасці рэстарану:
– Усе наведнікі, усе пастаўшчыкі, абслугоўваючы персанал, яны заносяцца ў базу дадзеных. Усе, хто свядома туды ідзе, а трэба зазначыць, што абаронцы надаюць людзям інфармацыйную падтрымку, тлумачаць, што гэта за месца, што тут расстрэльвалі людзей, што тут расстрэльныя ямы. Людзі ідуць свядома, пасля гэтага патрапляюць у базу дадзеных. Трэба зазначыць, што досыць шмат людзей, калі чуе, што чалавек будзе зафіксаваны і патрапіць у гэтую базу дадзеных, разварочваюцца і сыходзяць.
Прыблізна гэта траціна кліентаў, гэта людзі, якія рэальна не хочуць, каб іх імя было пад ганьбай, – кажа Дзяніс Івашын. Па яго словах, такім чынам, гэтая тактыка дае вынікі. У сярэднім толькі 9 машын наведвальнікаў за дзень прыязджаюць у рэстаран. Установа нясе страты і ідзе да банкруцтва, – лічыць ён.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя