Павел Севярынец: Я не пайшоў бы на такое, але не асуджаю
Палітык Павел Севярынец распавёў пра “чырвоныя рукі” Пушкіна і маладафронтаўца Піліпа Шаўрова, які зараз знаходзіцца пад вартай.
Нагадаем, што некалькі дзён таму ў Менску адбыўся інцыдэнт з помнікам Аляксандру Пушкіну: хтосьці размаляваў чырвонай фарбай рукі помніка.
Прэс-служба „Маладога фронту” ўдакладніла, што іх актывіста Піліпа Шаўрова затрымалі па гэтай справе, а прэс-служба МУС праінфармавала, што 25-гадовы жыхар сталіцы сам прыйшоў у РУУС Цэнтральнага раёна і прызнаўся, што менавіта ён размаляваў рукі помніка чырвонай фарбай.
Павел Севярынец: Нягледзячы на тое, што МУС не называе прозвішча чалавека, які прызнаўся ў тым, што размаляваў помнік Пушкіна, амаль на 100 адсоткаў упэўнены, што гэта – Піліп Шаўроў. Піліп – юрыст, а таму, магчыма, вырашыў пайсці сам у міліцыю, каб пакаранне было мінімальным. Чалавек усё-такі жанаты, не хоча падстаўляць сям’ю.
Па-другое, усё гэта Піліп Шаўроў мог падаць не як хуліганства і вандалізм, а як перформанс за незалежнасць. Многія мастакі такім чынам выказваюцца.
РР: Як вы ацэньваеце гэтую акцыю?
Павел Севярынец: Пушкін у 1830 годзе пісаў пра тое, што трэба душыть паўстанцаў, і ўсе ведаюць яго верш “Клеветникам России”. Паэт заняў імперскую пазіцыю, калі нашых продкаў забівалі за тое, што яны абаранялі сваю незалежнасць. Аляксандр Сяргеевіч, на жаль, падтрымліваў царскую агрэсію.
Але я, напрыклад, не пайшоў бы на тое, каб размалёўваць помнік Пушкіну. Я пішу кнігі і лічу, што трэба рабіць усё, каб было больш беларускіх кніг. Але адначасова я не асуджаю Піліпа за тое, што ён зрабіў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя