Павел Севярынец: Ёсць яшчэ і міжнародная супольнасць



Штодзённа — 12 гадзін. Такі фармат абароны Курапатаў абралі актывісты. Пра гэта паведаміў у нашым эфіры палітык Павел Севярынец.

Актывісты вырашылі ладзіць 12-гадзінную варту пад брамай рэстарацыі «Поедем поедим», якая адкрылася ў 50-ці метрах ад Курапатаў. Зараз яны сустракаюць наведвальнікаў каля рэстарацыі і пераконваюць не баляваць у гэтым месцы.

– Мы пераходзім на 12-гадзінны фармат – з 12-ці да 24-х. Колькі працуе гэты кабак – столькі і стаяць тут людзі. Але ў буднія дні амаль няма наведнікаў – адзінкавыя людзі прыходзяць на працягу сутак. Банкетная зала на 300 чалавек стаіць практычна пустая. У выходныя мы бачылі некалькі сем’яў, якія туды ішлі, і то мы падазраем, што гэта былі сем’і сваякоў ці сяброў супрацоўнікаў гэтай установы.

Таксама актывісты збіраюцца ў Генпракуратуру, Дзяржкантроль і Менгарвыканкам, юрыдычная група пачынае абыход гэтых установаў з адпаведнымі зваротамі.

Акрамя таго, абаронцы Курапатаў вырашылі звярнуцца да хрысціянскіх канфесіяў і габрэйскай дыяспары, а таксама да прэзідэнтаў, якія плануюць прыехаць на адкрыццё мэмарыялу „Трасцянец“.

Працягвае Павел Севярынец:

 – Мы абавязаны прайсці гэтыя інстанцыі для таго, каб яны вызначыліся з кім яны – з народам, ці са злачынцамі. І тут, безумоўна, ім давядзецца выбіраць. Наконт усяго астатняга, ведаеце, ёсць міжнародная супольнасць. 29 чэрвеня ў Менску адкрываецца мемарыял “Трасцінец”. І туды збіраюцца прыехаць прэзідэнты Аўстрыі, Германіі, Польшчы і Ізраіля. Мы па сваіх каналах пастараемся запрасіць гэтых шаноўных гасцей у Курапаты, то бок уключыць у праграму візітаў наведванне Курапатаў, каб яны прыехалі, усклалі кветкі і паглядзелі, што тут тварыцца.

Ад пачатку чэрвеня ў Курапатах ідуць акцыі пратэсту супраць рэстарацыі. Тым часам, як піша БелаПАН, кіраўніцтва кампаніі «БелРэстІнвэст» не прыняла заяву, якую спрабавалі перадаць актывісты: па тэлефоне ім сказалі, што кіраўніцтва няма на месцы, дзверы не адчынілі.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя