Павел Севярынец збірае грошы на «Беларусалім»



На краўдфандынгавай платформе Talaka.by пачаўся збор сродкаў на выданне першай кнігі рамана сустаршыні БХД Паўла Севярынца пад назвай „Беларусалім”. Першая кніга рамана аб’ёмам 450 старонак называецца „Беларусалім. Золак”. Месцы дзеяння – Менск, Кіеў, Полацак.

Распавядае Павел Севярынец:

– Гэта раман, які я пісаў 12 гадоў, з 2005 года, у асноўным у высылках, на сутках і ў амерыканцы. Гэты раман пра Беларусь. Гэта, калі можна так сказаць, раман-прадчуванне пра падзеі, якія могуць адбыцца ў Беларусі ў бліжэйшы час. Тэкст, вядома, будзе даступны толькі пасля прэзентацыі ў кастрычніку. Збіраем на краўдфандынгавай платформе Talaka.by грошы на гэты праект. Хочам выдаць тысячу асобнікаў у цвёрдай вокладцы. Для Беларусі гэта значны наклад.

Тыя, хто падтрымаюць выданне, могуць разлічваць не толькі на кнігу. Сярод прызоў для спонсараў – экскурсія па менскіх мясцінах рамана, асабістая сустрэча з Паўлам Севярынцам за кубкам кавы і нават правы на экранізацыю „Беларусаліма”.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя