Павел Шарамет вачыма сяброў і калегаў
Менск следам за Кіевам развітваецца з Паўлам Шараметам. Беларускі журналіст, які апошнія гады працаваў ва Украіне, быў забіты 20 ліпеня ў цэнтры Кіева.
Аналітыкі адбудоўваюць версіі, праваахоўнікі шукаюць злачынцаў. Тым часам сябры забітага журналіста, калегі, а таксама людзі, для якіх кожная раніца пачыналася з яго артыкула ва «Украінскай праўдзе», згадваюць, якім гэты чалавек быў у жыцці. А таксама спрабуюць знайсці ўласны адказ на пытанне: а чаму гэта здарылася?
Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война сустрэўся з калегамі, сябрамі і сталымі чытачамі нашага забітага земляка.
Валянціна Раманенка, калега Паўла Шарамета па “Украінскай праўдзе”: Калі ў цэнтры сталіцы, пасярод белага дня, робяць такі выбух, такое забойства, абсалютна нахабнае, гэта азначае адно: хтосьці мае ўлады і магчымасць стварыць у нас што заўгодна. І гэта сапраўды страшна… Павел Шарамет запомніўся мне вялікім, пазітыўным і светлым чалавекам. Павел ніколі не адмаўляў у дапамоўе і ва ўсім імкнуўся знайсці пазітыў.
Сяргей Прылуцкі, беларускі паэт, які жыве ў Кіеве: Мне цяжка сказаць, як успрымалі ўкраінцы Паўла Шарамета. Падазраю, што ўсё ж менавіта як замежнага журналіста, які працаваў ва Украіне. Асабіста для мяне ён быў беларускім журналістам, бо я добра памятаю яго публікацыі яшчэ ў «Белорусской деловой газете» дзевяностых гадоў. У Беларусі ён асвятляў сітуацыю менавіта з прабеларускіх пазіцый, а калі пераехаў жыць ва Украіну, то рабіў гэта з праўкраінскіх пазіцый.
Пётр Антоненка, журналіст: Вельмі шкада Паўла – і як чалавека, і як калегу, і як прадстаўніка братняга нам беларускага народа. Ягоныя публікацыя заўсёды былі разумнымі і вельмі ўзважанымі. Згадваю апошняе, што я чытаў: артыкул ва “Украінскай праўдзе” вакол “Азова”. Шарамет заклікаў не рабіць паспешлівых высноваў, а спакойна і лагічна разабрацца ў сітуацыі. Магчыма, і тут некаму не дагадзіў…
Аляксандр Моцар, украінскі паэт, пісьменнік і журналіст: Я не ведаю ўсіх тэмаў, у якіх працаваў Павел. Магчыма, ён выпадкова датыкнуўся да тых, так бы мовіць, крывяносных сасудаў, якія нам усім нябачныя… Прабачце, але я не хачу нават адбудоўваць неякія версія забойства. Ёсць следства, ёсць праваахоўныя органы.
Андрэй Гарасым, журналіст і пісьменнік: Што да магчымага забойцы… Не выключаю, што неўзабаве знойдуць нейкага чалавека, магчыма нават і падстаўнога, які проста націснуў кнопку таго выбуховага прыстасавання. І гэтага чалавека пакараюць, але імёнаў тых, хто замовіў забойства, мы так і не дазнаемся. Хутчэй за ўсё, замоўнікі сядзяць не ў Кіеве, а за кардонам. Давайце называць рэчы сваімі імёнамі – я меў на ўвазе Расейскую Федэрацыю. І калі гэта высветліцца, то следства спыніцца, бо ўсе сляды будуць весці туды.
Ва ўкраінскай сталіцы ўжо прапануюць пераназваць адну з вуліц Кіева ў гонар Паўла Шарамета. Калі гэта прапанова будзе прынята, гэтая вуліца будзе скрыжоўвацца з вуліцай Гангадзэ, якая названая ў гонар забітага ўкраінскага журналіста.
Што ў чымсьці і сімвалічна.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя