Павел Церашковіч: Адукацыя ў Беларусі – інструмент усталявання татальнага кантролю над грамадствам



Камісія па адукацыі і навуцы Каардынацыйнай рады Беларусі днямі выказала глыбокую заклапочанасць сітуацыяй у галіне адукацыі і выклала публічны Мемарандум. У дакуменце замацаваны канкрэтныя абвінавачванні рэжыму Лукашэнкі ў пераўтварэнні адукацыі ў механізм ціску на педагагічную супольнасць, бацькоў і навучэнцаў усіх роўняў.

Павел Церашковіч

Вольга Сямашка пагутарыла са старшынём Камісіі па адукацыі і навуцы Каардынацыйнай рады Беларусі Паўлам Церашковічам пра тое, якая галоўная праблема ў сістэме адукацыі, і як Расея спрабуе яе падладзіць пад свае інтарэсы; ці сапраўды беларусізацыю беларускіх школ можна лічыць завершанай і што можа дапамагчы вырашыць сістэмны крызіс усёй беларускай адукацыі.

РР: Днямі пабачыў свет Мемарандум вашай камісіі. Што не так з адукацыяй у Беларусі? На што б вы звярнулі найбольш увагу, на якую галоўную праблему, ці іх зараз некалькі?

Павел Церашковіч: Галоўная праблема ў тым, што ўлады выкарыстоўваюць адукацыю не ў тых мэтах, для якой адукацыя створана. Адукацыя зараз – гэта такі інструмент усталявання татальнага кантролю над грамадствам, над навучэнцамі, над іх бацькамі, над тымі, хто выкладае ў школах і ўніверсітэтах. Гэты кантроль усталёўваецца з дапамогай гвалтоўных рэпрэсіўных метадаў. І самае галоўнае, гэта вядзе да таго, што адукацыйная прастора Беларусі паступова ўцягваецца ў адукацыйную прастору Расеі.

РР: Калі мы кажам пра сістэму адукацыі Беларусі, мы з вамі гаворым агулам, пра ўсе роўні – ад дзіцячых садкоў, да павышэння кваліфікацыі?

Павел Церашковіч: Менавіта так.

РР: Якія праблемы ў самой сістэмы. Гэта прывязка да нейкай старой сістэмы? Можа да савецкай, ці постсавецкай традыцыі. Ці ўплывае на гэта цэнтралізаваная ўлада рэжыму? Ці штосьці яшчэ?

Павел Церашковіч: Практычна ўсе апошнія тры дзесяцігоддзі – гэта такая суцэльная дэградацыя сістэмы адукацыі. Па той простай прычыне, што ёй не надаецца той увагі, якая павінна быць у нашай краіне. Я тут падкрэслю, што Беларусь, якая пазбаўленая нейкіх такіх каштоўных запасаў карысных выкапняў, за кошт якіх можна было б існаваць, таму Беларусь павінна ўкладаць грошы перадусім у развіццё сістэмы адукацыі, каб будаваць эканоміку ведаў. Гэтага няма. І нават у параўнанні з савецкімі часамі, на якія вельмі часта спасылаюцца, сітуацыя стала значна-значна горшая.

РР: Ці сапраўды галоўным бенефіціарам у беларускай сістэме адукацыі з’яўляецца менавіта Расея. Якая ў яе карысць? І якія прыкметы можам заўважыць?

Павел Церашковіч: Фактычна Расея за апошнія гадоў 10 і асабліва пасля агрэсіі супраць Украіны праводзяць неаімперыялістычную палітыку, мэта якой захоп тэрыторый суседніх дзяржаў. Гэта адбываецца шляхам узброеных сілаў ва Украіне. І гэта адбываецца, пакуль што яшчэ, так званым шляхам мяккай сілы ў Беларусі. А асвета – гэта такі сродак уцягвання Беларусі ў склад новай Расейскай імперыі. Гэта адбываецца і за кошт таго, што сістэму асветы Беларусі хочуць зрабіць падобнай да расейскай. І гэта адбываецца за кошт таго, што Расея вельмі актыўна прываблівае нашых выпускнікоў школ, каб яны паступалі ў расейскія ўніверсітэты.

Цалкам размова:

З «Госцем Рацыі» – старшынём Камісіі па адукацыі і навуцы Каардынацыйнай рады Беларусі Паўлам Церашковічам пра становішча беларускай адукацыі размаўляла Вольга Сямашка.

Тэкст Мемарандума Камісіі па адукацыі Каардынацыйнай рады Беларусі.

Фота з архіву Паўла Церашковіча.

Беларускае Радыё Рацыя