Павел Усаў: Апазіцыя не мае шанцаў на перамогу ў выбарах



Ідэя вылучыць Міколу Статкевіча як адзінага кандыдата ад апазіцыі правалілася: 4 траўня былога кандыдата ў прэзідэнты чакае новы суд, а тым часам апазіцыйныя партыі высоўваюць сваіх прэтэндэнтаў на пасаду галавы дзяржавы. Ініцыятыва “Гавары праўду!” вылучае ў кандыдаты ў прэзідэнты Таццяну Карткевіч, АГП вылучае  свайго лідара Анатоля Лябедзьку, а Рух “За свабоду!” вырашыў цалкам адысці ад удзелу ў выбарчай кампаніі. Доктар палітычных навук Павел Усаў лічыць, што апазіцыя ўжо цалкам змаргіналізаваная і яна не мае шанцаў перамагчы Лукашэнку сёлета падчас выбараў:

–  Скажам шчыра, што ўжо пра апазіцыю, напэўна, як і пра нябожчыкаў, казаць можна толькі добра ці ўвогуле не казаць. Насамрэч сітуацыя вельмі цяжкая, складаная. І калі казаць пра будучыя выбары, то яны ўжо паспяхова прайграныя апазіцыяй. І ўсе палітычныя партыі заявілі пра тое, што яны не будуць арганізоўваць ці прымаць удзел у пратэстных акцыях ці, так бы мовіць, рэвалюцыі.

Таксама, на думку Паўла Усава, беларусам, нязгодным з рэжымам Лукашэнкі ў дадзенай сітуацыі варта самастойна ствараць грамадскія структуры, каб у перспектыве стварыць абсалютна новы рух з лакальных ініцыятываў.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота kresy24.pl