Павел Усаў: Гэта такі апошні подых салідарнасці
Рэакцыя Польшчы і Літвы на размяшчэнне „вагнераўцаў” блізу межаў гэтых краін ужо сёння павінна быць катэгарычнай, кажа палітолаг, адзін з кіраўнікоў нацыянальна-вызвольнага руху „Вольная Беларусь” Павел Усаў. У размове з Янай Запольскай ён таксама пракаментаваў марафон салідарнасці з палітычнымі зняволенымі:
— Перш за ўсё на рэчы гляджу крытычна і скептычна. Сам факт, што такія рэчы арганізаваныя, хоць і з вялікім спазненнем, гэта велізарны плюс. З іншага боку, гэта такі апошні подых салідарнасці. Калі гэты праект не будзе паспяхова рэалізаваны, вядома, наступіць хваля расчаравання. Тое самае, што адбылося, падчас страйку-ўльтыматуму, падчас галасавання ў 2021 годзе, калі людзі накіравалі сваю энергію на пэўны праект, а яны не зрэалізаваліся. Таму беларусы з аднаго боку паказалі, што ахвярнасць і жаданне дапамагаць, і ўнутраная салідарнасць усцяж ёсць. І на пазітыўныя рэчы людзі гатовыя ахвяраваць, кансалідавацца. Пытанне цяпер у тым, як гэты праект будзе зрэалізаваны, хто будзе адказны за працэс дапамогі. Вядома, калі рацыянальна ацэньваць, гэта невялікая сума. Мы дагэтуль не ведаем дакладна колькі палітычных зняволеных у Беларусі. Калі мы будзем падыходзіць да людзей, што сядзяць у вязніцах, толькі з катэгорыі, што прапануюць міжнародныя структуры, паводле каторых, толькі 1.5 тысячы чалавек лічаць палітычнымі зняволенымі, гэта будзе неаб’ектыўна і дыскрымінацыйна. Палітычных зняволеных шмат, і пацярпелых семʼяў таксама даволі шмат. З розных звестак, палітычных агульна зняволеных у пытаннях, звязаных з супорам з рэжымам, каля чатырох тысяч. Калі зрабіць арыфметычныя падлікі, гэта прыходзіцца на аднаго палітвязня 100 еўра. Гэта нішто. Калі мы кажам пра падтрымку семʼяў, што не могуць працаваць, нават тыя семʼі, што цяпер у Беларусі, гэта сведчыць пра тое, што перад тымі, хто арганізаваў гэты працэс, – я спадзяюся, што гэта проста не ператворыцца ў чарговае палітычнае шоў, – стаіць велізарная задача аналізу сітуацыі з палітычнымі вязнямі, аналізу сітуацыі, у якіх людзі; прапрацаванне механізмаў перадачы гэтых грошай, бо цяпер усё больш складанасцяў у камунікацыі, у перадачы гэтых грошай у Беларусь. З аднаго боку мы пабачылі маленькае свята салідарнасці, але з іншага боку, гэта на сённяшні дзень, вялікая праца. Я чытаў розныя каментары такога гонару за беларусаў, былі скептычныя каментары, што гэта чарговае палітычнае рэаліці-шоў, якое нічым не скончыцца. Цяпер у тых людзей, што ўзялі на сябе адказнасць рэалізаваць гэты працэс, той жа офіс Ціханоўскай, ёсць магчымасць даказаць, што яны вартыя даверу, і што яны эфектыўныя ў сваёй працы. Бо папраўдзе вельмі шмат людзей патрабуюць такой дапамогі, але падкрэслю, гэта мізер, гэтага недастаткова. І калі не будзе ўжо зараз ясна, якая схема размеркавання, дастаўлення грошай; якія катэгорыі людзей будуць атрымоўваць гэтую падтрымку, то ўзнікне вельмі шмат прэтэнзіяў, і яны ўжо цяпер існуюць, нават да адкрыцця гэтага праекту і папярэдніх механізмаў дапамогі – шмат людзей адчуваюць расчараванасць, адчуваюць, што яны кінутыя і нікому не патрэбныя. Таму цяпер велізарная праца, а на сёння механізмы рэалізацыі і размеркавання гэтых грошай нявыпрацаваныя.
Павел Усаў быў адным з удзельнікаў сустрэчы-размовы з лідарам руху „Вольная Беларусь” Зянонам Пазьняком, якая прайшла ў Беластоку, у межах якой адказаў на пытанні нашага радыё.
Беларускае Радыё Рацыя