Павел Усаў: важна трымаць Беларусь у міжнароднай інфармацыйнай прасторы



Суразмоўца Беларускага Радыё Рацыя – аналітык Павел Усаў. З ім паразмаўляў Улад Грынеўскі.

– Спадар Павел, што вы думаеце пра цяперашнія акцыі на мяжы. Іх было шмат, была беларуская сімволіка, размовы з кіроўцамі, багата медыйнага розгаласу ў Польшчы, Літве, Украіны. А якія могуць быць яшчэ мэты такіх акцый?

– Галоўная мэта гэтых акцый – гэта утрымаць Беларусь у палітычнай агендзе нашых суседзяў – Польшчы, Літвы, у агендзе еўрапейскіх краінаў, асабліва перад самітам НАТО, перад паседжаннем Еўрапарламенту адносна палітычных санкцый. Бо ведаем, як толькі іншыя праблемы ўваходзяць на інфармацыйную прастору Еўропы, то Беларусь паступова з яе знікае з сваімі праблемамі. І вось каб захаваць нейкую энергію, палітычную важнасць, то такія акцыі вельмі патрэбныя, каб цэлы час прыгадваць, што Беларусь знаходзіцца фактычна ва ўмовах акупацыі. Нават пасля гісторыі з Пратасевічам, то на першым месцы ўжо стаіць не Беларусь, а  іншыя рэчы – прыйшло лета, адбылося пераключэнне ўвагі на футбольны Еўра… Таму такія акцыі патрэбныя, іх важнасць нават не ў эканамічнам эфекце і ціску на ўлады Беларусі, а хутчэй ў палітычным прыгадванні, што праблема Беларусі не зрушылася і яна застаецца.

– Пасля прымусовай пасадкі самалёту з Пратасевічам у Менску, нібыта трохі змянілася рыторыка еўрапейскіх палітыкаў, нібыта яны зразумелі, што  Лукашэнка раней шкодзіў толькі Беларусі, а зараз шкодзіць усёй Еўропе, некаторыя назвалі нават яго міжнародным тэрарыстам..

– Ведаеце, некалькі тыдняў таму прэзідэнт ЗША Байдэн назваў Пуціна забойцам, а  на наступным тыдні збіраецца з ім сустракацца. Такая абсалютна непаслядоўнасць у адносінах Захаду з Расей, з Беларуссю, яна заўсёды прысутнічае, і заўсёды яна грае на руку дыктатарам. Нават калі паглядзім на Украіну, Там адбыліся больш значныя драматычныя падзеі – гэта збіццё боінга МН-17, дзе загінулі больш за сто чалавек, грамадзяне еўрапейскіх краін. І якая рэакцыя?! Ну былі ўведзены пэўныя санкцыі, пэўныя абмежаванні, але сістэмнага ціску не было на Расею. Нават зараз ужо размарозілі пабудову галіны норд-стрым-2. І мы бачым як непаслядоўна дзейнічаюць амерыканскія і еўрапейскія палітыкі ў дачыненні да такіх брутальных, абсалютна дэструктыўных  рэжымаў як у Расеі, у Сірыі, як у Беларусі. І мы неаднароазова сутыкаліся і з увядзенннем санкцый і з іх зняццём Я скептычна стаўлюся да доўгатэрміновасіці і вытрываласці палітыкі еўрапейскіх краінаў. Больш-менш прынцыповы падыход быў з боку ЗША, ён застаецца ў санкцыйнай палітыцы. А еўрапейцы заўсёды хісталіся: то ў адзін бок, то ў другі, то сядалі за стол перамоваў, то зноў уводзілі санкцыі. Таму патрэбная такая кансалідаваная пазіцыя ўсіх палітычных сіл Беларусі, каб змушаць еўрапейцаў да таго, каб яны праводзілі больш жорсткую і прынцыповую палітыку ў дачыненні да ўлады Беларусі, да рэжыму Лукашэнкі.

Цалком гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя