Павел Знавец: Многія і не заўважылі гэтую царкоўную валтузню



Палітык Павел Знавец распавёў, што зменіцца для вернікаў пасля расколу ў праваслаўнай царкве.

Як вядома, па выніках пасяджэння Сінода Рускай праваслаўнай царквы, якое праходзіла ў Менску, была зроблена афіцыйная заява: абвешчана, што РПЦ вымушана разарваць еўхарыстычныя дачыненні з Канстанцінопальскім патрыярхатам. Беларуская праваслаўная царква, як частка РПЦ, далучылася да гэтага рашэння.

11 кастрычніка Канстанцінопальскі патрыярхат зняў анафему (адлучэнне ад царквы) з кіраўніка непрызнанай Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхата Філарэта і адмяніў дакумент 17 стагоддзя, па якім, як лічыць РПЦ, у яе юрысдыкцыю перадалі тэрыторыі цяперашняй Украіны.

Павел Знавец: У Беларусі рэальна веруючых праваслаўных, якія пастаянна ходзяць у царкву, не так і шмат. Калі б не журналісты, то тыя самыя вернікі можа і наогул не ведалі б пра тое, што ў Менск прыязджае Мітрапаліт Кірыл і збіраецца Сінод. Гэта лёгка пралічыць, калі правесці маніторынг наведвання царквы ў будні дзень. Гэта я да таго кажу, што пра так званы раскол у праваслаўнай царкве многім вернікам абсалютна ўсё роўна. Па вялікаму рахунку, грамадства і не заўважыла ўсё гэтай царкоўнай валтузні. І для вернікаў тут практычна нічога не зменіцца. Гэта ідзе барацьба на вышэйшым царкоўным узроўні.

РР: На ваш погляд, чаму Сінод праводзілі ў Менску, а не ў Маскве?

Павел Знавец: Руская праваслаўная царква лічыць Беларусь кананічнай тэрыторыяй, якая належыць РПЦ. І каб яшчэ раз абазначыць гэта, РПЦ вырашыла, напэўна, правесці мерапрыемства менавіта ў беларускай сталіцы і не дапусціць, каб Беларуская праваслаўная царква пачала думаць пра аўтакефалію.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя