Павесіў свайго сабаку. Міліцыя высвятляе акалічнасці
У Гародні міліцыя праводзіць разбор у дачыненні да мясцовага жыхара ў сувязі з жорсткім абыходжаннем з жывёлай.
Як паведамляе УУС Гарадзенскага аблвыканкама, некалькі дзён таму жыхар прыватнага дома ў мікрараёне Грандзічы павесіў свайго дваровага сабаку. Паводле слоў мужчыны, калі ён выйшаў на двор, сабака пачаў паводзіць сябе агрэсіўна. Ён злавіў жывёліну і павесіў на дрэве.
Праз некалькі дзён мёртвага сабаку ўбачылі мясцовыя жыхары і паведамілі ў міліцыю.
„Асоба мужчыны, які пазбавіў жыцця гадаванца, устаноўленая, праводзіцца праверка, грамадзянін можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці”, — гаворыцца ў паведамленні.
Згодна з ч. 1 арт. 339-1 КК, жорсткае абыходжанне з жывёлай, якое пацягнула яе гібель або калецтва, здзейсненае з хуліганскіх, карыслівых ці іншых нізкіх жаданняў альбо ў прысутнасці заведама малалетняга, караецца грамадскімі работамі, або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да года, або арыштам.
belapan.by