Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Ізраілевіч утрымліваецца ў СІЗА КДБ



Паводле неафіцыйнай інфармацыі, бізнесмен Аркадзь Ізраілевіч утрымліваецца ў следчым ізалятары КДБ.

Крыніцы сайта Reform.by  ў асяроддзі бізнесмена паведамілі, што ў СІЗА КДБ у жонкі Ізраілевіча прынялі перадачу.

У КДБ гэтую інфармацыю не пацвердзілі, але і не абверглі. „Мы не каментуем гэтую сітуацыю пакуль”, — сказаў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік камітэта Андрэй Яраш. 1 лістапада, нагадаем, ён заяўляў, што КДБ Ізраілевіча не затрымліваў.

Пакуль ніводная з праваахоўных структур не пацвердзіла сваё стаўленне да затрымання бізнесмена. Афіцыйных паведамленняў на гэты конт не было.

Пра тое, што Аркадзь Ізраілевіч затрыманы паводле падазрэння ў спробе давання хабару для вырашэння „будаўнічых пытанняў”, стала вядома 31 кастрычніка. Бізнесмен вядомы шырокай публіцы ў сувязі са скандалам вакол рэстараннага комплексу „Поедем поедим”, пабудаванага каля ўрочышча Курапаты, у яго былой ахоўнай зоне. У верасні Ізраілевіч прайграў суд газеце „Новы час”, якая апублікавала журналісцкае расследаванне на тэму будаўніцтва комплексу.

belapan.by

Фота ПЦ „Вясна”