Новай пастановай з «дармаедаў» зрабілі «рабоў»



Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №771 «Аб устанаўленні парадку прыцягнення адміністрацыйна арыштаваных да выканання грамадска–карысных працаў» робіць «дармаедаў» рабамі.

Да такой высновы прыходзяць незалежныя эксперты, якія канстатуюць, што дзеянні беларускіх уладаў супярэчаць усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, зацверджанай  Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый.

Ініцыятыва кабінета міністраў палягае на тым, каб прыцягваць да прымусовай працы беспрацоўных, якія не ў стане аплаціць падатак за дармаедства ў памеры 3 мільёны 600 тысяч рублёў. Такія дзеянні ўладаў інакш, як вяртаннем да часоў прыгоннага права назваць складана – канстатуе юрыст Беларускага Хельсінскага камітэта Гары Паганяйла:

 — Гэта папулісцкі і амаральны закон. Ён не грунтуецца на канстытуцыйных нормах, бо Канстытуцыя гарантуе права на свабодную працу, а тут прапісваецца прымусовая і несвабодная праца, пад пагрозай рэпрэсіяў. Гэта класічная формула прымусовай працы.

Людзей, якія не знайшлі грошай на аплату падатку за беспрацоўе плануецца арыштоўваць на 15 сутак і адпраўляць безаплатна працаваць на прадпрыемствы, на паўнавартасны васьмігадзінны працоўны дзень. Арганізацыі, якія атрымаюць ад дзяржавы ў карыстанне «рабоў», павінны арганізаваць ім транспарт і забяспечыць неабходным інвентаром. Каб атрымаць бясплатную працоўную сілу дастаткова будзе своечасова звярнуцца да начальніка ізалятара часовага ўтрымання з адпаведнай заявай.

Беларускае Радыё Рацыя