У восеньскі прызыў у ІТ-роту накіруюць служыць 40 чалавек
Паводле вынікаў восеньскага прызыву ў роту інфармацыйных тэхналогій (ІТ-роту) накіруюць служыць 40 чалавек, паведаміў міністр абароны генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў 12 лістапада на сустрэчы з кіраўнікамі рэспубліканскіх СМІ ў 72-м гвардзейскім аб’яднаным навучальным цэнтры ў ваенным гарадку Печы (Барысаў, Менская вобласць).
Паводле інфармацыі прэс-службы Мінабароны, Раўкоў выступіў з дакладам аб становішчы ў Еўропе, мерах, якія прымаюцца для забеспячэння ваеннай бяспекі Беларусі, наяўным стане і перспектывах развіцця Узброеных сіл.
„Рота функцыянуе толькі адзін год, але і за гэты невялікі перыяд ужо распрацаваныя некалькі фундаментальных праектаў, якія пацвярджаюць высокі інтэлектуальны патэнцыял нашай моладзі і адначасова сведчаць пра прыярытэт высокаінтэлектуальных напрамкаў арганізацыі ваеннай бяспекі”, — сказаў міністр.
Паводле слоў Раўкова, вайскоўцы гэтага падраздзялення прыцягваліся да выканання 19 праектаў „рознай накіраванасці і ступені складанасці — ад сістэм уліку ўзораў узбраення і ваеннай тэхнікі да стварэння віртуальных трэнажораў”.
„Зараз праходзіць трэці прызыў для службы ў роце інфармацыйных тэхналогій. Службу ў падраздзяленні прайшлі ўжо 65 чалавек, у гэты восеньскі прызыў набор складае 40 чалавек. Усяго ж за час існавання роты больш за 500 чалавек выказалі жаданне прайсці ў ёй тэрміновую службу. Гэта дазваляе нам уважліва адбіраць ваеннаслужачых згодна з прафесійнымі патрабаваннямі і маральна-дзелавымі якасцямі”, — заявіў кіраўнік ваеннага ведамства.
ІТ-рота была сфарміраваная ў канцы 2018 года на базе Ваеннай акадэміі. Вайскоўцы падраздзялення займаюцца пытаннямі інфармацыйнай і кібербяспекі.
belapan.by
Фота zviazda.by