Павялічалася колькасць злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці непаўналетніх



Аналіз аператыўнай сітуацыі сведчыць пра негатыўную тэндэнцыю ў сферы злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці і палавой свабоды непаўналетніх, паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Віталь Капілевіч на прэс-канферэнцыі ў Менску 10 лістапада.

Латэнтнасць гэтага віду злачынстваў дазваляе вінаватай асобе працяглы час заставацца па-за полем зроку праваахоўнікаў і ў цэлым грамадскасці”, — адзначыў ён.

Паводле слоў Капілевіча, за дзевяць месяцаў 2021 года колькасць дзяцей, якія пацярпелі ад сэксуальнага гвалту, узрасла на 52% — з 354 да 540. У 48,3% выпадкаў пацярпелымі былі малалетнія — іх колькасць павялічылася амаль удвая.

З 2012 года выяўленыя 4.333 злачынствы па гэтым кірунку, іх колькасць павялічваецца на 100 за год, адзначыў прадстаўнік МУС.

Паводле яго слоў, педафілы карыстаюцца тым, што дзеці і падлеткі большую частку вольнага часу бавяць у сацыяльных сетках, і, займаючыся інтэрнэт-грумінгам, злачынцы здзяйсняюць усё больш і больш крымінальных правін сэксуальнай накіраванасці ў дачыненні да непаўналетніх.

„Пры гэтым самае небяспечнае, што тут не фізічнае ўздзеянне, а псіхалагічны фактар і ўвядзенне дзіцяці ў залежнае становішча ад сябе, калі, атрымаўшы першы парнаграфічны матэрыял, злачынец уводзіць дзіця ў залежнасць і патрабуе працягу”, — адзначыў прадстаўнік МУС.

Ён лічыць, што дзейнасць органаў унутраных спраў па выяўленні фактаў педафіліі „патрабуе прыняцця дадатковых мер, накіраваных на прафілактыку і недапушчэнне здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў”.

Фота: minsknews.by