Пенсійны ўзрост могуць падвысіць ужо з наступнага года
Старшыня Беларускага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч распавёў, чаму ўладам і хочацца падвысіць пенсійны ўзрост, і пакуль не “можацца”.
Генадзь Фядыніч: На мой погляд, павелічэнне пенсійнага ўзросту ў любым выпадку будзе неабходна, але сёння ўлады да гэтага не падрыхтаваны, бо ўсё гэта трэба рабіць паралельна з рэфармаваннем пенсійнай сістэмы. Што ў нас атрымліваецца? Улада прапанавала не ісці на пенсію, затое апошняя будзе на нейкім там працэнт павялічвацца. Колькі людзей на гэта пайшло? Мізер! Усе афармляюць пенсію. Зараз цэлы шэраг пенсіянераў не самі звальняюцца, а іх звальняюць у сувязі з заканчэннем тэрміну кантракта. Калі падвысяць пенсійны ўзрост, то паўстане пытанне: а хто будзе працаваць на заводах за такія капейкі? І ўвогуле, падвышэнне пенсійнага ўзросту не выратуе эканоміку Беларусі. Улады гэта цудоўна разумеюць. Таму што, паўтаруся, без рэфармавання эканомікі і пенсійнай сістэмы проста падвышаць узрост для пенсіянераў – гэта тое самае, што паставіць светлафор на вуліцы, дзе ён ужо стаіць.
РР: Чаму вы лічыце, што павелічэнне пенсійнага ўзросту ў любым выпадку будзе неабходна?
Генадзь Фядыніч: Нашы суседзі – Польшча, Літва – таксама падвышаюць пенсійны ўзрост. Але пры гэтым яны, натуральна, улічваюць, колькі працуе рабочых, каб заплаціць тым, хто ідзе на пенсію. Гэта такая кансалідаваная дапамога. Але ў нас сёння няма каму працаваць. Калі заўтра будзе на аднаго пенсіянера два працоўныя, то гэта – капец!
РР: Было заяўлена, што па пытанні падвышэння пенсійнага ўзросту ўлада, як быццам бы, будзе раіцца з народам…
Генадзь Фядыніч: Я не разумею, што гэта за мэсіджы. Вы не кажыце прыгожыя словы, а прапануйце народу такія ўмовы, каб ён зразумеў і пагадзіўся з прапановамі. А проста раіцца “трэба-не трэба” – гэта пустое. Так, дзяржава плаціць малыя пенсіі, таму што ў краіне няма сродкаў. Дык хто ў гэтым вінават? Пенсіянер? Ён жа ўсё роўна будзе атрымліваць сваю мізерную пенсію – што ў 60 гадоў, што ў 65. Гэта выхад?
РР: На ваш погляд, ці падвысяць усё ж у бліжэйшы час пенсійны ўзрост?
Генадзь Фядыніч: Зусім верагодна, што паэтапнае падвышэнне пенсійнага ўзросту пачнецца ўжо з наступнага года.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота maxpark.com