Пенсіянера вінавацяць у абразе суддзяў, пракурораў і Лукашэнкі
80-гадовы пенсіянер Аляксандр Лапіцкі прысуджаны судом Фрунзенскага раёну Менска да прымусовага псіхіятрычнага лячэння. У віну яму ставіліся абразы судзяў і пракурораў, а таксама кіраўніка дзяржавы.
Адбыўся ўжо другі разгляд справы. Першы, аналагічны прысуд быў адменены і справу накіравалі на новае разбіральніцтва.
Канфлікт Лапіцкага з дзяржавай пачаўся даўно. Ён бараніў свайго сына ад несправядлівага, на яго думку, пераследу. Але паступова ад прыватных пытанняў ён дайшоў да крытыкі ўсёй сістэмы. Свае меркаванні дасылаў чыноўнікам лістамі і па электроннай пошце:
– Гэта несправядлівасць, гэта здзек над сумленным чалавекам. Гэта помста Лукашэнкі. Ён мяне зрабіў палітычным вязнем, вязнем сумлення. Помста пачалася з-за маёй кнігі “За жалезнай заслонай”, у якой я крытыкаваў Лукашэнку.
Па словах Аляксандра Лапіцкага, ён не згодны з прысудам і ў бліжэйшыя дні абскардзіць яго.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск