Пенсіянеры дамагліся прыёму ў кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта (абноўлена)



Грамадзяне, прадстаўнікі ініцыятывы „Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры”,  дабіліся прыёму ў кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Па словах юрыста і праваабаронцы Тамары Сяргей, спачатку у прыёме было адмоўлена. Аднак людзі, якія прыйшлі ў Адміністрацыю і нават прыехалі з іншых гарадоў краіны, заявілі, што не пакінуць прыёмнай кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, пакуль не будуць прынятыя. І ўвечары 19 студзеня сітуацыя раптам змянілася

– Усе, хто знаходзіўся ў прыёмнай Адміністрацыі, былі прынятыя Наталляй Іванаўнай Качанавай. Яна праводзіла прыём без перапынку і прыняла ўсіх, хто жадаў з ёй сустрэцца ў гэты дзень. Прыём праходзіў у добразычлівай, тактычнай абстаноўцы. Усе былі ўважліва выслуханы, і Наталля Іванаўна паабяцала разабрацца ў праблемах.

Па словах Тамары Сяргей, запісалася на прыём больш за 10 чалавек і не меншая колькасць была прынятая без запісу.  Як падкрэсліла праваабаронца, гэтыя людзі раней накіроўвалі свае заявы на прыём у Адміністрацыі прэзідэнта, аднак ім нематывавана было адмоўлена. „Праблемы грамадзянаў раней не даходзілі да кіраўніка Адміністрацыі і тым больш да галавы дзяржавы.   Але сітуацыя ў краіне і ў грамадстве змяняецца. І чыноўнікі гэта адчуваюць,” – сказала Тамара Сяргей.

* * *

Група  пенсіянераў, якія пацярпелі ад дзеянняў ці бяздзеяння міліцыі, пракуратуры, судоў ці іншых органаў улады, безвынікова спрабавала патрапіць на прыём да новага кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Наталлі Качанавай. Па словах юрыста і праваабаронцы Тамары Сяргей, гэта быў першы прыём новага кіраўніка адміністрацыі. І адмова ад сустрэчы з людзьмі паказвае, што праца гэтай установы  так і не змянілася, нягледзячы на чарговыя завярэнні галавы краіны:

– Мы накіравалі калектыўны зварот на прыём заранёў. Падпісалі яго 22 чалавекі, але мы нават пісьмовы адказ не атрымалі. Нам сказалі праз тэлефон, што нас не прымуць. Тое, што было ўсе папярэднія гады, калі адміністрацыю ачольваў і Кабякоў, і Касінец, засталося і нічога не змянілася. Таму ўсе гэтыя запэўненні Лукашэнкі нічога не вартыя, гэта пустыя словы!

Па словах Тамары Сяргей, 12 грамадзянаў, якія здолелі прыйсці на прыём у Адміністрацыю прэзіданта, а некаторыя з іх прыехалі нават з іншых гарадоў, працягуць спробы дабіцца сустрэчы з яе кіраўніком.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота: Новы Час