Пенсіянераў, якія збіраліся на інаўгурацыю, затрымалі на менскім вакзале (абноўлена)
Грамадзяне, якія спрабавалі правесці пікетаванне падчас інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі і былі затрыманы, ужо вызваленыя з міліцыі. Затрыманне адбылося на чыгуначным вакзале, падчас збору гэтай невялікай групы з 7 чалавек. Па словах юрыста і праваабаронцы Тамары Сяргей, гэта была звычайная правакацыя. Затрыманне адбылося па заяве грамадзянкі Тарасавай, якая сцвярджала, што Тамара Сяргей абрабавала яе. Гэта адлюставана ў пратаколе затрымання:
– Грамадзянка Тарасава абвінаваціла мяне ў крадзяжы па арт.206 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Калі б я не жыла ў Рэспубліцы Беларусь, я б смяялася. Але я жыву ў Беларусі, і гэта мяне палохае. Палохае цынізм, вераломства нашай дзяржавы ў адносінах да сваіх жа грамадзян.
Па словах Тамары Сяргей, яна сур’ёзна ставіцца да небяспекі крымінальнага пераследу ў выніку гэтай правакацыі. Як нагадала праваабаронца, раней у яе адносінах праводзілася праверка адносна дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі па крымінальным артыкуле 193 — прым. І хоць праверка скончылася нічым, ва ўзбуджэнні крымінальнай справы было адмоўлена, аднак пракуратура абвесціла Тамары Сяргей афіцыйнае папярэджанне. А зараз, праз гэтую брудную правакацыю, магчыма, пачынаецца новы этап пераследу, — не выключае праваабаронца.
* * *
На Менскім чыгуначным вакзале былі затрыманыя 7 пенсіянераў, якія мелі намер правесці пікет падчас інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі і паспрабаваць сустрэцца з ім.
Усе затрыманыя — актывісты ініцыятывы «Супраць беззаконнасці ў судах». Гэтыя людзі, або іх родныя, пацярпелі ад парушэнняў у судах і пракуратуры і ўпарта дабіваюцца справядлівасці.
Па словах адной з затрыманых, Любові Санкевіч, затрыманне было арганізавана, як правакацыя. Адну з удзельніц сустрэчы, юрыста Тамару Сяргей, абвінавачваюць у крадзяжы.
— Мы прыехалі, як і дамовіліся, на сустрэчу на чыгуначным вакзале. Толькі мы прыехалі, як да нас падышла міліцыя разам з нейкай дзяўчынай, якая сказала, што Тамара Аляксееўна скрала ў яе кашалёк. Мы сталі абурацца, а яна сказала, што ўжо мы ўсе разам скралі кашалёк. Тое, што яны зрабілі, гэта відавочная правакацыя. Я 15 гадоў не магу сустрэцца з прэзідэнтам, каб паказаць, які грабеж ідзе ў краіне, бо мяне затрымае міліцыя.
Цяпер тэлефон Тамары Сяргей алключаны. Астатніх грамадзянаў міліцыя вызваліла. Аднак, яны не пакідаюць памяшкання пастарунка на чыгуначным вакзале, пішуць скаргу на дзеянні міліцыі і патрабуюць вызвалення Тамары Сяргей.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота і відэа: svaboda.org