Пенсіянераў з Глыбокага аштрафавалі за сустрэчу з блогерам Ціханоўскім



Па 10 базавых велічыняў штрафу (270 беларускіх рублёў) атрымалі пенсіянеры з Глыбокага Людміла Барэйка і Данііл Ермаковіч за сустрэчу з блогерам Сяргеем Ціханоўскім.

Іх асудзілі суддзі Глыбоцкага раённага суда Людміла Вашчанка і Станіслаў Трапук адпаведна па частцы 1 артыкула 23.34 КаАП. Пенсіянераў вінавацілі ў тым, што быццам яны ўчынілі пікетаванне і выказалі сваё меркаванне без дазволу Глыбоцкага райвыканкама.

Як кажа Людміла Барэйка, яна вельмі вялікая прыхільніца Сяргея Ціханоўскага, бо ён на сваім ютуб-канале паказвае праўду пра Беларусь.

– Я лічу, што я нічога не парушыла, таму што я дзейнічала ў адпаведнасці з заканадаўствам. Канешне, я здзіўлена была, як прыехалі на машыне супрацоўнікі Глыбоцкага РАУС. Але вялі сябе яны карэктна. Я не магу сказаць пра іх дрэнна.

Паводле Данііла Ермаковіча, на сустрэчу з Ціханоўскім ён трапіў выпадкова.  Ён ніколі б не падумаў, што выказване сваіх думак і праўды – гэта віна, якая ў нашай краіне караецца штрафам.

– Я не ведаў, што ён прыедзе. Я прыехаў за прадуктамі, ішоў у “Дабраном”, гляджу – раздаюць маскі бясплатна. І я пайшоў “на халяву” палучыць бясплатна маску. Ён пачаў пытацца, і я расказаў, што маю на ўвазе. Сказаў усю праўду як ёсць.

РР: І атрымалі пратакол за праўду.

– Прыехалі міліцыянты, моцна загрукалі ў дзверы, я спужаўся, нібыта я нейкі вялікі злачынца. Вельмі непрыемна было. Адразу мяне закалаціла, затрасло. Спужаўся. А тады ўжо адышоў.

І Людміла Барэйка, і Данііл Ермаковіч збіраюцца абскарджваць пастановы Глыбоцкага раённага суда ў вышэйшай інстанцыі. Яны не лічаць сябе вінаватымі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя